Главный агроном СП «Ляховщина-агро» Марина Голубёнок — одна из самых опытных в районе

Общество

Калі поле – другі дом

Раніца 10 жніўня для галоўнага агранома СП «Ляхаўшчына-агра» Марыны Галубёнак пачалася з віншаванняў з залатым юбілеем.

Першым прытуліў да сябе муж, у шлюбе з якім ужо 31 год. Успомнілі вучобу ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме, калі паміж імі ўспыхнула каханне. З гадамі яно ўмацавалася клопатам адно пра аднаго і ўзаемаразуменнем. Шмат цёплых слоў сказаў маці сын Дзмітрый. Неўзабаве прыйшла суседка Марыя Пабяржына, якая ў свой час перадавала свой багаты хлебаробскі вопыт ёй, маладой аграномцы.

Дома разам хуценька ўправіліся з гаспадаркай і заспяшаліся на свае рабочыя месцы: сын — у рыбгас «Навінкі», а Марына з мужам — на мясцовае сельгаспрадпрыемства.

Главный агроном СП «Ляховщина-агро» Марина Голубёнок — одна из самых опытных в районе

— А тут чакаў прыемны сюрпрыз ад кіраўніцтва і спецыялістаў, — расказвала імянінніца. — Але святкаваць не выпадала: завяліся камбайны і заспяшаліся ў поле. А напярэдадні да першай расы ўбіралі пшаніцу. Яна парадавала добрым ураджаем. З азартам працавалася і на наступны дзень. Але адкуль ні вазьміся — хмара, і пайшоў моцны дождж. Я вярнулася ў кабінет, каб запоўніць журналы. Тэлефон тым часам не змаўкаў: прыемна было прымаць віншаванні ад сяброў, родных, а таксама ад старшыні райвыканкама Сяргея Васільевіча Чэпіка.

Павіншаваць асабіста Марыну Галубёнак прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева з аграхімікам Аленай Гуданец, старшыні: раённага Савета дэпутатаў — Пётр Курто, райкама прафсаюза работнікаў АПК — Васілій Катовіч і Валкоўскага сельскага Савета — Таіса Баторы. Усе дзякавалі за адданасць працы, старанную работу ў якасці дэпутата сельскага Савета.

Паспяховымі для Марыны Галубёнак былі гады, калі гаспадарка ўваходзіла ў склад ААТ «Нафтазаводмантаж»: не ўзнікала праблем з тэхнікай і ўдабрэннямі, аператыўна вырашаліся любыя пытанні. Вядома, зямля дае багаты ўраджай, калі атрымлівае неабходную колькасць удабрэнняў. А людзі па-ранейшаму стараюцца. У гэтыя дні на жніве вызначаюцца камбайнеры Аляксандр Кабайла, Аляксандр Самковіч, Міхаіл Ганчароў, Анатолій Іваноўскі, на перавозцы збожжа з поля на зернясклад — вадзіцелі Мікалай Ластоўскі, Славамір Зелянкевіч. Шмат сіл прыкладваюць аператары зернесушылак Дзмітрый Якімовіч, Мікалай Счасны, Арцём Вашкінель.

Радзіма жанчыны — Ляхаўшчына. У сям’і выхоўвалася яна і два старэйшыя браты. Як і ўсе вясковыя дзеці, яны мелі нямала абавязкаў па гаспадарцы. Бацька памёр, калі Марына вучылася ў тэхнікуме. Атрымаўшы дыплом, прыехала дадому. Пачынала аграномам-насенняводам. Пасля дэкрэтнага водпуску работы па спецыяльнасці не знайшлося, таму ўладкавалася на норыцкі спіртзавод лабарантам. А калі з’явілася магчымасць вярнуцца ў аграномію, з радасцю гэта зрабіла. Завочна закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Марына Галубёнак — рознабаковы спецыяліст сельскагаспадарчай вытворчасці, адна з самых вопытных у раёне. У 2015 годзе была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Ведае ўсё, што звязана з зямлёй і што на ёй расце, калі і ў якой колькасці ўносіць удабрэнні, спосабы барацьбы са шкоднікамі, як захоўваць і перапрацоўваць вырашчаную прадукцыю раслінаводства. Самым адказным перыядам лічыць сяўбу: тут нельга ўпускаць тэрміны, парушаць нормы высеву. У сельскай гаспадарцы надвор’е не прадугле­дзіш і не прыстасуешся пад яго. Затое апярэдзіць, напрыклад дождж, можна. Для спелых зерневых няма нічога горшага за яго. Таму камбайнеры даражаць кожнай хвілінай і шчыруюць у полі да змяркання.

— Часам кажуць, што мая прафесія сумная: як той кругаварот, паўтараецца адно і тое ж, — гаварыла аграном. — На самай справе кожны год адрозніваецца ад папярэдняга. А клопатаў хапае ў любую пару. Затое як прыемна бачыць вынік сваёй працы! Пышны каравай, бохан духмянага жытняга хлеба — ва ўсім уклад хлебаробаў. Любавацца магу і ўзараным полем, якое гатова прыняць насенне, і першымі ўсходамі. А якое прыгожае поле, калі цвіце рапс! Люблю зямлю і сваю работу. І хоць мой рабочы дзень з ранняй вясны да глыбокай восені доўжыцца ад усходу да захаду сонца і поле стала маім другім домам, не шкадую, што выбрала менавіта гэту прафесію і прысвяціла ёй ужо больш за 30 гадоў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.