У «Алёнкі» – наваселле
У Пастаўскага малочнага завода ў райцэнтры 7 фірменных магазінаў. Кожны мае сваіх пастаянных пакупнікоў. У «Алёнцы», што побач з прадпрыемствам, атаварваюцца і завадчане. Для іх зручнасці кіраўніцтва пераабсталявала пад гандлёвую кропку больш прасторнае памяшканне. У пятніцу «Алёнка» справіла наваселле.
З раніцы тут гучала музыка, роставая лялька ў выглядзе ўпакоўкі тетрапак «Молоко «Вкусное» запрашала на дэгустацыю. Людзей прыйшло шмат. Чырвоную стужку перад уваходам у магазін перарэзалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і дырэктар малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі.
— Прадукцыю гандлёвай маркі «Паставы-гарадок» вы ўсе добра ведаеце і, мяркуючы па колькасці прысутных, любіце, — гаварыў кіраўнік раёна. — Сёння вас тут нічым не здзівяць, бо ў асартыменце тое, што і ў кожным фірменным магазіне завода. А вось памяшканне ўтульнае: прасторная гандлёвая зала, зручная і прыгожая выкладка тавару, самаабслугоўванне. Развіваць уласную маркетынгавую сетку рэкамендаваў падчас нядаўняга наведвання прадпрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўніцтва завода працуе на перспектыву. Сённяшняя падзея — таму доказ.
У «Алёнцы» павялічана колькасць таварных пазіцый, дзейнічае мінімальная гандлёвая надбаўка. Работнікі завода маюць магчымасць набываць тут тавар у лік зарплаты. У магазіне можна купіць не толькі малочныя прадукты, але і хлебабулачныя, мясныя, рыбныя, кандытарскія вырабы. Толькі сыравэнджанай каўбасы — больш за 30 відаў. У асартыменце — агародніна і фрукты, спіртное. Падчас адкрыцця магазіна першыя дзесяць пакупнікоў, якія набылі тавараў на 60 і больш рублёў, атрымалі каштоўныя падарункі, а тыя, хто здзейсніў пакупку на суму 30 рублёў, — сувенірныя наборы.
Лілія Танана — нязменны прыхільнік прадукцыі «Паставы-гарадок». Звычайна атаварваецца па месцы жыхарства — у 5 гарадку. У пятніцу была па справах у лясгасе, не прамінула заглянуць на адкрыццё гандлёвай кропкі. Набыла прадукты — і выйшла з наборам сыроў.
Шмат добрых слоў пачула я ад мужа і жонкі Захарэвічаў, якія таксама сталі ўладальнікамі смачнага набору. Яны дзякавалі кіраўніцтву завода за тое, што ўся прадукцыя натуральная і якасная. Адзначылі, што яна пастаянна ў меню іх, а таксама іх знаёмых з Мінска і Расіі.
Сапраўды, прыхільнікаў прадукцыі гандлёвай маркі «Паставы-гарадок» шмат не толькі ў Беларусі. У Расіі Пастаўскі малочны завод рэалізуе яе праз найбуйнейшы па колькасці магазінаў і другі па выручцы рытэйлер «Магнит». Па даручэнні Прэзідэнта краіны кіраўніцтва прадпрыемства разглядае магчымасць адкрыцця фірменнага магазіна ў Невелі (Расія). Да канца месяца гандлёвая кропка з пастаўскай малочкай будзе адкрыта ў Дунілавічах.
Задаволеныя новым памяшканнем «Алёнкі» прадаўцы. Жанна Цыунель і Алена Нікіценка працавалі ў ранейшым магазіне, Юлія Кузняцова перайшла з «Как сыр в масле», Галіна Каламіец — навічок. Усе настроены на плённую працу і немалую выручку.
Анна Анішкевіч