Хто не ласы на пастаўскія каўбасы?
За першае паўгоддзе каўбасны цэх Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства вырабіў 230 тон прадукцыі. Тэмп росту ў супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 128,3%.
Згадзіцеся, лічбы вартыя ўвагі, таму і накіроўваюся на прадпрыемства, каб напісаць пра яго работу.
— Зрэшты, мы не гонімся за колькасцю. Працуем не на склад, а на аператыўнае выкананне заявак, — расказвала начальнік цэха Валянціна Мурзёнак. — Для нас галоўнае — якасць прадукцыі. У агульным аб’ёме 79% яе — хатні асартымент. Гэта значыць, што вырабы цалкам натуральныя. Асаблівым попытам у спажыўцоў карыстаюцца каўбасы «От бабушки», «Докторская», «Эстонская», сыравэнджаныя кумпяк «Рождественский», паляндвіца «Рождественская», грудзінка «Каролинская» і «По-крестьянски». З абсталявання ёсць у нас і дзве печкі, у якіх вэндзім прадукцыю дзедаўскім спосабам — на шчэпках вольхі.
Цэх выпускае прадукцыю больш чым 50 найменняў (паўфабрыкаты, фарш, каўбасы). Кожны месяц — 15-20 тон каўбасных вырабаў і да 20 тон — паўфабрыкатаў. Прадукцыя паступае ў многія гандлёвыя кропкі сістэмы спажыўкааперацыі Віцебскай вобласці, і ўсюды ацанілі яе высокую якасць. Але ёсць, так бы мовіць, і другі бок медаля — цэны. Якасная натуральная мясная прадукцыя не можа быць таннай. Зразумела, што яна не кожнаму па кішэні. А вось прыгатаваная з ліверу — даступная. Таму цэх пашырае выраб лівернай каўбасы і зельца. Выпускаецца таксама некалькі відаў вараных каўбас, у саставе найвышэйшых гатункаў якіх да 95% мяса.
Вытворчыя магутнасці цэха дазваляюць вырабляць да 70 тон прадукцыі за месяц. Поўнасцю яны пакуль не задзейнічаны. Па-першае, не заўсёды хапае сыравіны (свініну пастаўляюць ААТ «Браслаўскі маяк» і «Здрава» Расонскага раёна, ялавічыну — сельгаспрадпрыемствы нашага раёна). Па-другое, абмежаваны попыт.
— Але мы працуем яшчэ і на экспарт, — дадае першы намеснік дырэктара Пастаўскага філіяла аблспажыўтаварыства Андрэй Дрозд. — Зарэкамендавалі сябе як надзейныя пастаўшчыкі якаснай прадукцыі. Ужо не першы год адпраўляем у Расію мяса блочнай замарозкі. За 6 месяцаў прадалі яго расіянам на агульную суму 333,6 тысячы долараў. Да папярэдняга перыяду мінулага года экспарт склаў 147,3%.
— Калектыў нашага цэха зусім невялікі: па кантракце працуе ўсяго 10 чалавек, — працягвала Валянціна Мурзёнак. — Усе — фаршаскладальнікі, фармоўшчыкі каўбасных вырабаў, абвальшчыкі, фасоўшчыкі і іншыя — працуюць добрасумленна. А тэхнолаг Святлана Міхневіч пільна сочыць за якасцю сыравіны і прадукцыі, займаецца распрацоўкай новых відаў прадукцыі.
Кожны выконвае свае абавязкі, стараецца на карысць агульнай справы. Пра тое, наколькі яна эфектыўная, я ўжо сказала ў пачатку артыкула.
Фаіна Касаткіна