Відэафакт: Устаноўка крыжа на касцёле Езуса Міласэрнага

Главное Духовность

Узвысіўся крыж на новым касцёле

Дзясяткі вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага і жыхароў мікрараёна 5 гарадка сабраліся ў пятніцу, 8 ліпеня, ля касцёла, які тут будуецца, каб стаць сведкамі гістарычнай падзеі — устанаўлення крыжа на вежы храма.

Гэтага моманту парафіяне чакалі са снежня 2014 года, калі была зарэгістравана парафія. У красавіку 2016-га на зямлі, адведзенай пад будаўніцтва новай святыні, устанавілі крыж. Праз тры гады заклалі падмурак касцёла. Паволі раслі сцены, затым з’явіліся дах, вокны. А 8 ліпеня ўзвысіўся крыж. Яго вага — больш за 300 кілаграмаў, таму для ўстаноўкі спатрэбіўся кран з 40-метровай стралой. Крыж вырабіў вядомы на Пастаўшчыне майстар-каваль Юрый Фурс. Мастацкай апрацоўкай металу ён займаецца звыш 30 гадоў. Яго работы знахо­дзяцца ў прыватных калекцыях у Германіі, ЗША, Швецыі, Галандыі, Латвіі і іншых краінах.

— Устанавіўшы кроквы, напрыклад, на доме, будаўнікі ставілі маленькі крыжык і вянок — гэта лічылася адным з завяршальных этапаў будаўніцтва, — гаварыў ксёдз-дэкан Павел Самсонаў, пробашч касцёла Езуса Міласэрнага. — Крыж — знак нашага збаўлення. Ён заклікае нас падняць галаву ўверх, адарвацца ад зямных спраў і паглядзець на справы Божыя. Крыж на касцёле азначае, што гэта ўжо Дом Божы.

Калі завершыцца ўзвядзенне святыні, пакуль невядома. На наступным тыдні будаўнікі пачнуць тынкаваць сцены звонку. Таксама ўнутры трэба зрабіць цёплую падлогу, падшыць столь. Разлічваць на дапамогу спонсараў цяперашнім часам не прыходзіцца, таму касцёл будуецца толькі за ахвяраванні вернікаў, якія яны па магчымасці складаюць.

У парафіі ёсць разліковы рахунак. На яго нумар BY: Р/Р BY77AKBB 30150532959972300000 г.Мінск, ААТ «ААБ Беларусбанк», код AKBBBY2X,  УНП 300993377 можна пералічыць грошы на будаўніцтва касцёла. Скласці ахвяру можна і асабіста пробашчу Паўлу Самсонаву, прыйшоўшы на святую Імшу, якая адбываецца ў нядзелю ў 9.30, 11.00 і 15.00, у суботу — у 10.00, у іншыя дні — у 19.00. Усіх ахвярадаўцаў ксёндз запісвае ў спецыяльную кнігу і разам з вернікамі моліцца за іх.

У нядзелю, 17 ліпеня, вернікі парафіі Езуса Міласэрнага з дазволу ксяндза- пробашча касцёла Святога Антонія Падуанскага будуць збіраць тут сродкі на новы касцёл. Таму кожны жадаючы будзе мець магчымасць пакласці сваю рублё­вую «цаглінку».

У пятніцу неба было ярка-блакітным. Бліскучы крыж пераліваўся на сонцы. Людзі не спяшаліся разыходзіцца — яны любаваліся незвычайнай прыгажосцю, і кожны думаў пра свой шлях у Божае Валадарства. Вечарам крыж прыцягвае ўвагу падсветкай і бачны здалёк.

Анна Анішкевіч
Відэа Сяргея Вшыўкава і Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.