Спрыяльнага надвор’я табе, жніво, сіл – вам, хлебаробы!
З дарогі на Варапаева каля Рудзевіч заўважаю два камбайны — значыць, жніво стартавала. Зварочваем на поле. Андрэй Врублеўскі на «Лідзе», а Сяргей Крысюк на «Палессі» ўбіраюць азімы ячмень. Гэту культуру ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» вырошчваюць упершыню. І ў галоўнага агранома Алены Касцюк, і ў дырэктара гаспадаркі Юрыя Шымчыка было нямала сумненняў, як пасевы перазімуюць, ці добра будзе абмалочвацца колас. Таму кожны з іх прыехаў да камбайнераў. А тыя набіралі ўжо па другому бункеру. Як высветлілася, праблем з абмалотам не ўзнікла. Наліты колас схіліўся да зямлі, а гэта адна з прыкмет яго спеласці. Яе здаўна вызначалі, расцёршы колас у руках: калі зерне аддзялялася лёгка, то можна абмалочваць. Нярэдка бачыла, як камбайнеры спрабавалі зерне «на зуб». Цяпер вільготнасць правяраюць вільгацямерам.
— Ячмень займае крыху больш за 60 гектараў, — расказвала Алена Касцюк. — Асноўны масіў — за Ельнякамі. Там убіраюць Артур Вартазаран, Аляксандр Курдо, Леанід Сініца і Алег Чумакоў. Каля Рудзевіч участак значна меншы. Вільготнасць — на ўзроўні 18-20%. На чарзе — азімы рапс. На ўборцы будзе задзейнічана 12 камбайнаў.
Андрэй Врублеўскі стажыруе Антона Мацура. Антон некалі быў памочнікам камбайнера, затым нейкі час на сельгастэхніцы не працаваў. Цяпер пры вопытным камбайнеры спасцігае тонкасці работы.
Вадзіцелі ГАЗеляў Сяргей Варашкевіч і Генадзій Літвіновіч адвозілі збожжа з поля ля Рудзевіч на зернесушыльны комплекс у Навасёлках. Тут побач са старой сушылкай мантажнікі з «Лідсельмаша» манціруюць новую.
— Правесці жніво хацелася б у сціслыя тэрміны і без страт, бо цяпер вельмі актуальная харчовая бяспека, — гаварыў Юрый Шымчык. — Нашы хлебаробы настроены на плённую працу. Толькі б не падвяло надвор’е! Як і ў мінулыя гады, будзе праводзіцца спаборніцтва. Тыя, хто першым намалоціць ці перавязе тысячу тон збожжа пры выкананні ўсіх патрабаванняў, будуць адзначаны падарункамі і прэміямі.
ААТ «Навасёлкі-Лучай» зерневыя і зернебабовыя трэба ўбраць на 3 140 гектарах, у тым ліку азімыя зерневыя — на 2 240 га, яравыя — на 490, зернебабовыя — на 310, азімы і яравы рапс — на 674 га.
* * *
Пазаўчора на ячменнае поле выехалі камбайнеры ААТ «Камайскі-агра» Мікалай Махонь, Уладзімір Карыцька і Генадзій Юрэвіч. У найбліжэйшыя дні ўборку зерневых распачнуць і іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна. У добры шлях, жніво!
Анна Анішкевіч