Грошы… вёдрамі?
Пачаўся сезон збору чарніц. Вопытныя ягаднікі расказваюць, што кожнае лета выносяць іх з лесу вёдрамі і нядрэнна зарабляюць на продажы.
Я — аматар «ціхага палявання», збіраць ягады — не маё. Некалі знаёмыя запрасілі разам паехаць у чарніцы. Шукаць ягады пад зялёнымі лісточкамі для мяне — нудна, таму хутка надакучыла. Вядро напаўнялася павольна, даймалі камары, і я пазірала на неба, чакаючы дажджу, які б прымусіў пакінуць лес. Калі зразумела, што надвор’е не псуецца, раз-пораз паглядала на гадзіннік з надзеяй, што ўжо праз пару гадзін паедзем дадому. З таго часу чарніцы купляю на рынку, не таргуючыся, бо цаню працу тых, хто ягадка да ягадкі набірае іх не па адным літры. Для адных чарніцы — ласунак, для іншых — магчымасць папоўніць сямейны бюджэт. Некаторыя нават бяруць водпуск і праводзяць яго ў лесе за зборам ягад.
Колькасць чарніц, сабраных Вольгай Коваль з мужам Паўлам з вёскі Лукашова, ідзе на сотні кілаграмаў. Ягадны сезон у іх пачынаецца з паспяваннем суніц. І сёлета ўжо намарозілі, наварылі варэння сабе і дзецям. Цяпер займаюцца зборам чарніц. Восенню будуць траляваць брусніцы і журавіны.
Будзільнік будзіць мужа з жонкай у 3.15. Кубачак кавы для бадзёрасці, зручную экіпіроўку на сябе — і ў лес. Звычайна едуць з сябрамі на машыне. Калі ў тых падвезці не атрымліваецца, «сядлаюць» веласіпеды. З сабой бяруць ваду, бутэрброды і спрэй ад камароў і аваднёў.
— Пакуль даедзем да лесу, і сонца прачнецца, — жартуюць. — А калі яно пачне прыпякаць, мы ўжо з поўнымі вёдрамі дома. У мінулыя гады ад адной лідскай фірмы працавалі прыёмшчыкамі ягад і лісічак. Думаем, што і сёлета самі адкрыем пункт прыёму ягад. А пакуль што збіраем і здаём іх. Лясы вакол Лукашова ягадныя. Многія пастаўчане едуць сюды ў чарніцы. Каб іх здаць, перабіраць не трэба: можна пашкодзіць, тады ягады будуць хутка псавацца. Перад упакоўкай і замарозкай лісточкі выдзімаюцца паветрам, і ягады не губляюць таварнага выгляду. Некаторыя зайздроснікі кажуць, што мы грошы грабём вёдрамі.
Прыватныя прыёмшчыкі пакуль што чарніцы закупляюць па 4 рублі за кілаграм. Мяркуючы па мінулых гадах, цана будзе расці. Заробкі, сапраўды, нядрэнныя, але і нялёгкія: у лесе даймаюць камары і спякота, а часам і пад праліўны дождж можна трапіць. І ўсё ж той, хто не лянуецца, сямейны бюджэт папаўняе. Толькі каб грэбці грошы вёдрамі, патрэбныя моцнае здароўе, цярпенне і вялікае жаданне.
Анна Анішкевіч