І нават праз інтэрнэт
У школу дзецям ісці толькі праз месяц, але ў іх бацькоў ужо распачаліся «ўрокі матэматыкі». Дзе танней набыць неабходныя рэчы і адзенне? Колькі ўсяго грошай трэба аддаць на зборы школьніка? Як размеркаваць сямейны бюджэт, калі вучняў у сям’і некалькі? Упэўненая, што з набліжэннем новага навучальнага года ўсё большая колькасць дарослых узнімае дома гэтыя пытанні.
Часу на пошук адказаў на іх застаецца ўсё менш, таму з кожным днём істотна даўжэюць чэргі ў пастаўскіх гандлёвых кропках, якія рэалізуюць тавары для школьнікаў. Такіх у нашым горадзе каля двух дзясяткаў.
Набыць школьна-пісьмовыя, канцылярскія рэчы, адзенне дзелавога стылю можна ў пастаўскім універмагу, у памяшканне якога з нядаўняга часу «пераехаў» суседні магазін «Культтовары». Што да прыватных суб’ектаў гандлю, то тут тавару на любы густ і кашалёк. Як трыкатажнае, так і адзенне дзелавога стылю можна падабраць у магазінах «Світанак», Mark Formelle, «Белоснежка», «Ладушки», «У Маруси», «Само», «Детский», (у двух апошніх яшчэ прапануюць швейныя вырабы). Дзіцячы і падлеткавы абутак можна купіць у крамах «Обувь», «Позитив», «Само».
Што да школьна-пісьмовых, канцылярскіх тавараў, то вялікі іх выбар у такіх магазінах, як «Школяр», «Копейка», «Три цены», «Фикс Прайс», «4 сезона», выдавецтве «Белбланквыд». Па заплечнік можна схадзіць у «Белоснежку» ці Bag Store.
Усяго ў Беларусі 15 ліпеня распачалі дзейнасць больш за 400 школьных кірмашоў. Будуць праводзіцца і пашыраныя распродажы, выставы-продажы, кірмашы выхаднога дня. У Паставах школьны кірмаш пройдзе 21 жніўня на рынку па вуліцы Кастрычніцкай. Акрамя таго, школьную форму беларускіх вытворцаў можна будзе набыць у інтэрнэт-крамах, такіх як Wildberries, Ozon.
Калі закупляцца да школы, кожны вырашае сам. Многія набываюць неабходнае зараз, іншыя адкладваюць перадшкольны «шопінг» на пікавы ў плане продажу час — на другую палову жніўня. Але, здаецца, зусім напярэдадні Дня ведаў здаць «урокі матэматыкі» на выдатна бацькам будзе складаней…
Іна Сняжкова
Фота Крысціны Рубель і Марыны Варабей