Прайшліся па Заслонава, звярнулі на Пясочную
На схеме Пастаў да 1939 года, складзенай польскім інжынерам-гідролагам Генрыхам Жаброўскім, было ўсяго 17 вуліц. Сярод іх — Тапалёвая і Кляновая. Такія назвы яны атрымалі таму, што абапал дарогі раслі таполі і клёны. Пазней іх перайменавалі ў Піянерскую і Школьную. Жыхары гэтых і прылеглых да іх вуліц і сталі героямі свята, якое зладзілі ў мінулую нядзелю работнікі раённага Дома культуры ва ўтульным двары СШ №2 імя Н. М. Асяненкі.
Рыхтуючыся да мерапрыемства, вядучая Таццяна Кухальская абышла каля 300 дамоў, размешчаных па Піянерскай, Школьнай, Кірычука, Камарова, Заслонава, Пясочнай, Трудавой. Знаёмілася з гаспадарамі, распытвала пра іх мінулае і сённяшні дзень. Распачалося свята расказам пра Людмілу Адольфаўну Хацяновіч. Яна нарадзілася ў Маскалішках. Дзяцінства прыпала на суровыя ваенныя гады і пасляваеннае аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Затым Людміла працавала ў мясцовым калгасе даяркай, звеннявой па льне. А потым паехала ва ўкраінскую Горлаўку, дзе жыў брат, і ўладкавалася ў шахту. Вывучылася на швачку. А калі вярнулася ў Паставы, пайшла на мясакамбінат. Месяц таму адзначыла 85-годдзе з дня нараджэння. Цеплынёй і любоўю ахінаюць дачка Марына, сын Павел, яна цешыцца шасцю ўнукамі і праўнучкай Агніяй.
75 гадоў споўнілася Раісе Віктараўне Кабяк. З іх 46 пражыла на Піянерскай, 39 — прысвяціла рабоце ў Пастаўскай ЦРБ. А дзяцінства Аляксандра Міхайлавіча Жука прайшло ў горадзе Марынбергу ў Германіі, куды сям’ю немцы вывезлі на прымусовыя работы. Там нарадзіўся малодшы брат Аляксандра. Калі вязняў вызвалілі амерыканцы, можна было паехаць у любую краіну свету. Жукі вярнуліся на Радзіму. Аляксандр Міхайлавіч у маладосці ездзіў на асваенне цалінных зямель, а ў Паставах 35 гадоў адпрацаваў вадзіцелем у аўтапарку. І дом па вуліцы Кірычука сям’я атрымала ад аўтапрадпрыемства. Тут выраслі сын і дачка.
Трох дачок выхавала Раіса Адамаўна Кіёнак. З Белькаўскага сельсавета ў Паставы яе сям’я пераехала ў 1979-м. Тут пабудавалі дом па вуліцы Піянерскай. Дочкі выйшлі замуж, і цяпер вакол дома ўжо бегаюць праўнукі. Пра маці і вялікую радню вельмі цёпла гаварыла сярэдняя дачка Марына Ластоўская.
З дачкой Людмілай, унучкай Марыяй і праўнучкай Ксюшай прыйшла на свята Вольга Вікенцьеўна Івашка. Яна 42 гады адпрацавала на хлебакамбінаце. Старанне жанчыны адзначана Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь». Дачка Людміла Логінава жыве па суседстве — па завулку Піянерскім. Сям’я музыкальная. І на свяце Людміла Леанідаўна з дачкой Марыяй, якая выкладае ў музычнай школе ў Падмаскоўі, парадавалі гледачоў сваімі песнямі.
— Хадзіла па вуліцах і радавалася: у дагледжаных, прыгожых дамах жывуць такія ж прыгожыя, трывалыя сем’і, — расказвала мне Таццяна Кухальская. — Дня не хапіла б, каб расказаць пра кожную. Запрашала на свята ўсіх. Але хто з-за ўзросту, хто з-за хваробы не змог прыйсці. Вельмі ўдзячная тым, хто сёння на свяце.
Генадзій Іванавіч і Любоў Грыгор’еўна Іўко ў шлюбе 58 гадоў. Ён — хлопец з Глыбоччыны — паехаў вучыцца ў Данецкі медінстытут. Там жа вучылася Люба, радзіма якой — Луганск. А лёс прывёў у Паставы. Генадзій Іванавіч 30 гадоў адпрацаваў галоўным санітарным урачом раёна, Любоў Грыгор’еўна — санітарным урачом. Выхавалі сына і дачку. На свята прыйшлі з унукам.
Генадзій Мар’янавіч Бумбліс вырас на вуліцы Школьнай. Непадалёк бацькоўскага дома разам з жонкай Валянцінай Казіміраўнай пабудавалі ўласны. А па суседстве з імі ў новым домаўладанні абжываецца сын Алег. Генадзій і Валянціна Бумблісы ў жніўні адзначаць 40-годдзе сумеснага жыцця. Цяпер разам з імі жыве мама Валянціны. Вось такія моцныя карані ў гэтай сям’і.
35 гадоў крочаць поплеч Іна і Анатолій Сварцэвічы, а іх суседзі — Людміла і Генадзій Квяткоўскія — 25. Задаволеная прапіскай па вуліцы Крупскай сям’я Кароль. Уладзімір, які працуе ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, прыйшоў на свята з сынам-шасцікласнікам Уладзіславам. Жонка Марына — прадавец магазіна «Копеечка» — у той дзень была на рабоце. Сына і ўнука падтрымаў Пётр Кароль, які ў складзе народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» дарыў прысутным цудоўныя песні.
У гэтым мікрараёне шмат маладых сем’яў. На свяце ўшаноўвалі Алену і Паўла Хацяновічаў з дзецьмі Ульянай, Яраславам і Эльдарам, Анастасію і Андрэя Лявуціных з Палінай, Глебам, Мацвеем і Арсеніем, Ганну і Алега Бумблісаў з Косцем, Марыянай і Георгіем, Ірыну і Васілія Жукавых з Арцёмам, Радзівонам, Ангелінай, Германам і іншых.
— Кожны раз, плануючы свята якога-небудзь мікрараёна, задумваемся, ці патрэбна яно ўвогуле, — гаварыла дырэктар раённага Дома культуры Ала Чарнюк. — Але калі бачыш такую, як сёння, колькасць гледачоў, то сумненні адразу знікаюць.
Вось і гэта сустрэча атрымалася цёплай, былі душэўныя размовы, успаміны. А музычныя нумары, паказальныя выступленні работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падарылі мноства станоўчых эмоцый кожнаму, хто завітаў на свята.
Анна Анішкевіч