Поставчане презентовали Поставщину на «Славянском базаре»

Культура

Ткалі, гралі і спявалі — Пастаўшчыну праслаўлялі

З серады Віцебск жыве «Славянскім базарам». У атмасферу свята акунуліся і многія пастаўчане: адны сталі гледачамі розных канцэртаў, другія прэзентавалі наш раён праз свае творчыя вырабы, вершы, песні, танцы, традыцыйныя стравы Пастаўшчыны.

Поставчане презентовали Поставщину на «Славянском базаре»
Фота з архіва Дома рамёстваў «Стары млын»

Пачэснае месца ў «Горадзе майстроў»

Сюды спяшаецца кожная рукадзельніца. Менавіта ў «Горадзе майстроў» можна палюбавацца неардынарнымі вырабамі аднадумцаў, пачэрпнуць у іх ідэі і набыць тую арыгінальную рэч ручной работы, якая прыглянулася, або зрабіць заказ на яе. Народныя майстры Дома рамёстваў Таццяна Петух, Алена Крывенькая, Крысціна Брэская і Вольга Сафонава прэзентавалі беларускія ручнікі, фартухі, вясельныя ўборы, гліняныя цацкі-свістулькі, праводзілі майстар-клас па іх вырабе, і каля іх пастаянна было шмат зацікаўленых. Удзельнічалі пастаўскія майстры ў міжнародным конкурсе традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты» і абласным — «Сцяжкі майстэрства», якія праводзіліся ў рамках «Славянскага базару».

А музыкі граюць, граюць…

Сярод іх — самабытны музыкант Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра Аляксандр Пачкоўскі, а таксама частушачніцы Парыжскага сельскага Дома культуры Галіна Іваноўская і Ірына Кукоўская. Яны — удзельнікі абласнога конкурсу народнай музыкі і частушак.

Чатыры пары маладых танцораў фальклорнага гуртка з Гуты пад кіраўніцтвам Тамары Маслоўскай паказвалі майстар-клас па выкананні побытавых танцаў: лявоніхі, карапета, кракавяка, «Какеткі», «Каханачкі» і іншых.

Наведвальнікаў «Лялечнага дворыка» весялілі ­ўдзельнікі народнага лялечнага тэатра «Вытворяшки» раённага Дома культуры. Яны праводзілі тэатралізаваныя праграмы, квэсты.

Гонар нацыі

Такую назву мелі тэматычныя брэндавыя пляцоўкі раёнаў, размешчаныя побач з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. На пастаўскай працавалі чатыры выставы. На літаратурнай прэзентаваліся творы нашага земляка Уладзіміра Дубоўкі і сучасных паэтаў Пастаўшчыны. На гераічнай можна было даведацца пра гісторыю нашага краю, тых людзей, якія яго вызвалялі ад нямецкай навалы, аднаўлялі гаспадарку пасля вайны. На музычнай выставе былі прадстаўлены дыятанічныя цымбалы, стэнд, прысвечаны заслужанаму аматарскаму калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнаму ансамблю «Паазер’е». Тут можна было пачуць народныя мелодыі «Груздаўскіх дзядоў» (у запісе). На чацвёртай выставе наведвальнікаў віталі ўдзельнікі народнага клуба «Традыцыя» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, якія дэманстравалі гасцін­насць людзей Пастаўшчыны як найлепшай іх якасці і частавалі сваімі фірменнымі стравамі, весялілі песнямі. А герой казак Уладзіміра Дубоўкі — Дзед Бай — расказваў пра славутыя мясціны раёна і яго брэнд — Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», запрашаў прыехаць у свае ўладанні — на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі». Хэдлайнерам тэматычнай пляцоўкі стаў ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» Варапаеўскай школы мастацтваў імя І. Сушко.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.