Вышываннем лячылася
Пастаўчанцы Галіне Аляксеевай — 81. Але ў гэта немагчыма паверыць, бо жанчына на свае гады выглядае намнога маладзейшай. А ў яе кватэры пануе дух творчасці. Маю на ўвазе вышыўкі, развешаныя на сценах паўсюль: у прыхожай, спальні, зале, на кухні.
— Я пачынала вышываць гладдзю, — успамінала Галіна Іосіфаўна. — І не з якой-небудзь драбязы, а са штор. Вышыла на іх прыгожыя ружы. Даўно гэта было, пасля таго як закончыла школу. Далей на вучобу не паступіла і пайшла працаваць на цагельны завод. У вольны ад працы час вышывала. Калі выйшла замуж і нарадзіла дзяцей, на вышыванне не стала часу.
Вярнулася да яго і па-новаму захапілася праз шмат гадоў. Дзеці павырасталі і стварылі свае сем’і. Яна — аўдавела.
— Цяжка перажывала смерць мужа, — успамінала. — Пачалі здаваць нервы, і я стала лячыць сябе… вышываннем. У Паставах, у магазіне па Чырвонаармейскай, прадавалі ніткі, у кніжным — розныя ўзоры. А вось спецыяльнай тканіны для вышывання не было. Таму я купляла звычайную, выцягвала з яе ніткі — і вышывала крыжыкам. Магла днямі сядзець за пяльцамі.
Пераводжу позірк з карціны на карціну. На іх — сціплыя, але такія прыцягальныя і заспакаяльныя куточкі прыроды, чародка сінічак на ягадным кусце, дзіцятка ў вобразе анёлка, юная прыгажуня ў лодцы, тыгр з на дзіва добрымі вачыма, заснежаныя хаціны і іншае. «Вышывала і абразы, — узгадвала майстрыха. — Але ўсе раздарыла. Сабе пакінула толькі абраз Міколы Угодніка. — А потым з сумам працягвала: — На жаль,стаў псавацца зрок, і я вымушана была адмовіцца ад свайго любімага занятку. Ніткі і ўзоры аддала ўнучцы ў Мінск. (Быў час, калі яна іх там купляла і перасылала мне ў Паставы.) Зараз шкадую: хочацца зноў узяць іголку ў рукі і вышываць. Напэўна, так і зраблю. А то чым займацца? У кватэры ўсе выгоды, мой «агарод» толькі на падаконніку».
Засяродзіўшы ўсю ўвагу на вышыўках, толькі пасля гэтых слоў заўважаю на падаконніку ў пакоі некалькі каліў памідораў з ужо спелымі пладамі, на балконе — квітнеючыя петуніі, на спецыяльнай падстаўцы ў зале — кветкавую кампазіцыю. Тым часам ледзьве не трапляе мне пад ногі чарапаха Тарціла, якая разгульвае па падлозе. Адным словам, у кватэры поўная гармонія прыроднай і рукатворнай прыгажосці.
Фаіна Касаткіна