«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи

Важное Общество

У нашым раёне сотні вёсак. Адны даволі населеныя, у іншых — усяго некалькі хат і жыхароў. Але ў кожнай свая гісторыя, і кожная заслугоўвае ўвагі.

Спадзяёмся, чытачы газеты не застануцца абыякавымі да праекта, і разам мы зможам паказаць дзень учарашні і сённяшні вёсак і вёсачак Пастаўшчыны, з якіх для многіх з нас пачалася Радзіма. Першыя на маршруце — Мольдзевічы.

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи

Сціплыя і працавітыя

Плануючы, у якую вёску паехаць, пазваніла старшыні Ярэўскага сельскага Савета Паўлу Скрыдлеўскаму.

— Параіў бы Мольдзевічы, — адказаў Павел Антонавіч. — Там сціплыя, працавітыя людзі і вельмі адказная старэйшына.

Вёска прыгранічная. Ад райцэнтра да яе 22 кіламетры. Дарога асфальтаваная. Вось толькі аўтобус ходзіць адсюль у Паставы толькі два разы на месяц. Затое ў любы дзень можна адправіцца ў дарогу на поездзе — да найбліжэйшага чыгуначнага прыпынку 2,5 кіламетра. Вяскоўцаў абслугоўваюць перасоўнае паштовае аддзяленне і аўтамагазін Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, які прыязджае двойчы на тыдзень.

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи
Старэйшына вёскі Дана Шырэй

 

У Мольдзевічах 35 гаспадарак, пражываюць 82 чалавекі. У тым ліку 9 дзяцей да 16 гадоў. І яшчэ адна немалаважная лічба — 54 чалавекі працаздольнага ўзросту. Яны занятыя ў сельскай гаспадарцы, сферах транспарту, культуры і іншых. Напрыклад, Сяргей Скурацёнак — галоўны інжынер ААТ «Ярэва-агра», яго жонка Наталля — бухгалтар гэтай жа гаспадаркі, Соф’я Рымшаліс — даярка, яе муж Віталій — вадзіцель. Валянцін Шалкоўскі працуе на чыгунцы. Яго другая палавінка Алёна выбрала прафесію выхавальніка дзіцячага садка, Ян Урбель — пагранічнік. Галіна і Алег Мажэйкі — прадпрымальнікі. Гэты пералік можна прадаўжаць і прадаўжаць.

— Асобна варта сказаць пра тых, хто ўжо знахо­дзіцца на пенсіі, — гаварыла старэйшына вёскі Дана Шырэй. — У іх і зараз хапае спраў: дапамагаюць дзецям і ўнукам, садзяць і даглядаюць агароды, у добрым стане ўтрымліваюць прыдамавыя тэрыторыі, клапоцяцца пра парадак у вёсцы. Хачу з удзячнасцю назваць Марыю і Васілія Алейнікаў, Наталлю і Франца Карнацэвічаў, Ірыну і Іосіфа Тарасевічаў, Браніславу і Мікалая Пурланоў, Раісу і Рыгора Лявонавых, Эву Пяткевіч, Алену Яголду. Каб пра ўсіх напісаць, не хопіць вашай газеты.

І гэта сапраўды так — немагчыма ахапіць усё. Таму няхай не крыўдуюць тыя, хто застаўся, так бы мовіць, за кадрам. Гэта не першая і не апошняя паездка журналістаў у вёску. Бу­дуць новыя сустрэчы і новыя публікацыі ў «Пастаўскім краі».

Праз выпрабаванні

У 78-гадовай Ванды Адамаўны Раманоўскай гасцюе сястра, якая прыехала да яе з Вільнюса ажно на тры месяцы. Альдона вельмі задаволеная тым, што для гэтага не спатрэбілася выбіраць візу і плаціць за яе. Кажа, што кіраўніцтва беларускай дзяржавы зрабіла вельмі добрую справу для людзей, увёўшы бязвізавы рэжым уезду ў Беларусь для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы.

Лёс сясцёр склаўся па-­рознаму. Абедзве нара­дзіліся ў Мольдзевічах. Альдона, выйшаўшы замуж, з’ехала ў Вільнюс, дзе жыве і зараз. Там у яе сын і дачка, унукі. Аднак душой усё роўна цягнецца ў родныя мясціны. Ванда засталася на малой радзіме.

— Удзвюх весялей, — дзялілася яна. — Нам ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць. Калі Альдона паедзе дадому, буду сума­ваць, хоць увогуле да адзіноты прывыкла: 15 гадоў назад не стала мужа.

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи
Ванда Раманоўская з сястрой Альдонай

Гэта не адзіная страта жанчыны. Гора на яе век хапіла з ліхвой — пахавала ўсіх сваіх дзяцей. Першынец памёр, калі яму было ўсяго 3 месяцы, яшчэ двух сыноў смерць забрала ў дарослым узросце. Рамана не стала ў 33 гады, Гены — у 38. Абодва памерлі раптоўна.

Перажыўшы такое, можна азлобіцца на ўвесь свет. А Ванда Адамаўна толькі моліцца за вечны спачын родных і чула адносіцца да тых, хто сустракаецца на яе жыццёвым шляху. 30 гадоў яна адпрацавала ў калгасе даяркай. Зараз вельмі баляць ногі, ходзіць з дапамогай двух кіёчкаў. Але каб вы толькі бачылі, якія прыгожыя кветкі растуць ля яе дома і які дагледжаны агародзік!

— Думала, што сёлета ўжо не буду нічога са­дзіць, — прызнаецца. — Ды не вытрымала — хоць на зэдлічку перасоўваючыся, памаленьку корпаюся ў градках і кветніку. Ну як без гэтага?

А ў іх — ажно 4

Мольдзевічы — вёска вялікая. І статак кароў тут некалі быў адпаведны — некалькі дзясяткаў галоў. Зараз рагуль трымаюць толькі на падвор’ях Даны Шылей, Ірыны Бацян і Соф’і Рымшаліс. А Марына Скіпар з мужам Аляксеем Васілеўскім спраўляюцца ажно з чатырма. Пра гэта я ведала і раней і дамаўлялася з гаспадарамі пра сустрэчу. Але ўсё не атрымлівала іх згоды. Толькі дзякуючы старэйшыне ўдалося ўгаварыць Марыну сфатаграфавацца з яе рагулямі. Аднак «фотасесія» не ўдалася: кароў у полі атакавалі авадні, да таго ж яны палохаліся мяне, чужога чалавека. Таму сабраць у адзін кадр Ружу, Малышку, Манюсю, Чупу ды яшчэ цялятка, якому няма і месяца, аказалася немагчымым.

Вялікае падвор’е гаспадары трымаюць на працягу многіх гадоў. Безумоўна, гэта патрабуе і вялікай працы. Аднаго толькі сена трэба нарыхтаваць дзясяткі тон. Дарэчы, на будучую зімоўку яно ўжо назапашана.

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи
Гаспадыня самага вялікага падвор’я ў вёсцы Марына Скіпар

— Як толькі і паспяваеце? — пытаюся ў Марыны.

— Маем сваю тэхніку: трактар, касілкі, грабілкі, — адказвае жанчына. — Шмат дапамог сын Яраслаў, які працуе дальнабойшчыкам. Дачка Яна зараз у пасляродавым дэкрэце, прыехала да нас і таксама дапамагае. Звяртаемся з просьбай да аднавяскоўцаў — і яны не адмаўляюць. А што да сенакосаў і пашы, то іх хапае.

Малако, смятана, сыр, тварог, масла — усё сваё ў сям’і. І не толькі сябе яна забяспечвае малочнымі прадуктамі, іх лішкі прадае. Тым самым папаўняецца ўласны бюджэт.

У Свецікавых цвітуць нават дровы

Самы прыгожы двор у вёсцы — у Яўгеніі і Валерыя Свецікавых. Яны ўжо 37 гадоў у шлюбе, выхавалі дачку і сына. Дачка жыве ў Віцебску, сын — у Расіі. З расійскага Арэнбурга родам і сам Валерый. Але дарагой сэрцу стала для яго і Беларусь. Тут ён пазнаёміўся з Жэняй, пакахалі адно аднаго. Сямейнае жыццё пачыналі ў Арэнбургу, потым жылі ў Літве, Латвіі. Але нарэшце вярнуліся на Жэніну радзіму — у Мольдзевічы. Купілі ў суседкі дом, перабудавалі яго, зрабілі ўсе выгоды. Зараз ён ні ў чым не саступае гарадскім добраўпарадкаваным кватэрам. А дыхаецца ў ім лягчэй і здаравей.

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи
У гармоніі з прыродай жывуць Яўгенія і Валерый Свецікавы

А колькі працы гаспадары ўкладваюць у добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі! Куды ні глянь — усюды парадак. Ад кветнікаў жа, якія займаюць вялікую плошчу, вачэй не адвесці: тут гартэнзіі, ружы, лілеі, кітайскія гваздзікі, хрызантэмы і многае-многае іншае. У Свецікавых нават дровы цвітуць. Менавіта так здаецца, калі пераводзіш погляд на акуратны склад іх ля сцяны подсобнай пабудовы, бо ён абвіты квітнеючымі ўюнамі.

Тут – усё роднае!

На дзвярах дома Іосіфа Дзеўгуця вісеў замок.

— І куды Францавіч зрання мог падзецца? — услых разважала старэйшына вёскі Дана Шырэй. — Напэўна, паехаў з пляменніцай у Паставы. А можа, могілкі абкошвае. Ён — чалавек адказны і надзейны. Аб чым ні папросіш — зробіць. Шмат дапамагае ў добраўпарадкаванні вёскі.

За абкошваннем могілак, што непадалёк вёскі, мы яго і засталі. «І навошта я спатрэбіўся старэйшыне на гэты раз? Не даеш мне ніякага спакою», — жартоўна звярнуўся да Даны. А пачуўшы, што яна прыйшла з карэспандэнтам «Пастаўскага краю», прызнаўся: «Раёнку люблю і падпісваюся на яе. Мне цікава ведаць, што адбываецца на Пастаўшчыне».

«ПК» начинает новый редакционный проект под названием «Вёсачка». Едем в Мольдевичи
Іосіф Дзеўгуць абкошвае могілкі

Паўгода Іосіф Францавіч жыве ў Вільнюсе, паўгода — у Мольдзевічах. Захаваў бацькоўскую хату, па-гаспадарску даглядае яе, заўсёды ў парадку трымае прыдамавую тэрыторыю, садзіць агарод. І выдатна сябе пачувае.

— Гэта ж мая радзіма! — гаварыў прачулена. — Тут усё блізкае і дарагое сэрцу, свае людзі, родная мова. На гэтых могілках пахаваны мае бацькі і дзяды-прадзеды. Як жа не даглядаць іх магілы? І агульную тэрыторыю абкошваю.

— Пра тое, каб святое месца вечнага спачыну заўсёды падтрымлівалася ў парадку, клапоцяцца многія вяскоўцы, — дадала старэйшына. — І з горада прыяз­джаюць тыя, чые родныя тут пахаваныя. Напрыклад, учора могілкі абкошваў Уладзімір Жук’ян. Ён робіць гэта рэгулярна. Людзі ніколі не адмаўляюць у зборы грошай на навядзенне парадку. Усім шчыры дзякуй!

Некалькі тыдняў таму Іосіф Францавіч захварэў. Давялося легчы ў інфекцыйнае аддзяленне Пастаўскай ЦРБ.

— Крыху перажываў, бо да гэтага звяртаўся па дапамогу толькі да нашага сямейнага доктара ў Вільнюсе, — прызнаецца. — У Паставах не лячыўся ніколі. Мне вельмі спадабаліся адносіны лечачага ўрача Маргарыты Маскалёвай, якая часова замяняла загадчыка аддзялення, і ўсяго медперсаналу. За лячэнне не заплаціў ні рубля, паколькі маю пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі. У Літве медыцынскія паслугі платныя, давялося б выкласці немалую суму.

Старэйшы сын Францавіча жыве ў Англіі. Жонка часта ездзіць туды даглядаць унукаў. Малодшы — у Літве. А яму найбольш прывольна на родных прасторах.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.