Не косяць, не жнуць – рвуць
Ільнозавадчане пачалі церабленне даўгунцу
Здаецца, зусім нядаўна з дырэктарам ільнозавода Алёнай Юрынёнак выязджала на сяўбу паўночнага шоўку. Пазней, праязджаючы па дарозе на Калееўцы, абапал якой расце гэта культура, любавалася яе дружнымі ўсходамі. Лён прадпрыемства сёлета вырошчвае амаль на 2 310 гектарах. Сяўбу, падкормку, апрацоўку супраць шкоднікаў правялі з захаваннем тэхналогіі. Ён дружна зацвіў, і ад гэтага блакітнага мора было вачэй не адвесці. Для фарміравання каробачак з насеннем хапала вільгаці і цяпла.
Але прайшлі моцныя дажджы. Яны і шквалісты вецер месцамі літаральна прыбілі лён да зямлі. Балюча глядзець на пакручаныя пасевы. Такога маштабнага палягання не было некалькі гадоў запар. Таму церабіць складана.
У пятніцу дырэктара льнозавода сустрэла ў полі каля Ліпнікаў. Механізатар Андрэй Маісееў на церабілцы аб’язджаў краі поля, пакідаючы за сабой дзве льняныя стужкі. З кіраўніком яны вызначылі напаўняльнасць насеннем ільняной каробачкі і фазу спеласці.
— Механізатары падзелены на два атрады, — расказвала Алёна Юрынёнак. — Адны працуюць каля Мышак, Сяргеевіч, другія — на землях Браслаўскага раёна. Надвор’е пастаянна ўносіць свае карэктывы. Нам застаецца толькі строга выконваць тэхналогію.
Церабіць – гэта значыць, вырываць расліны з каранямі.
Адразу пачалі пробнае церабленне. Праз некалькі дзён выйшлі на масавае і цярэбяць на зелянец: аб’язджаюць краі, дзеляць участкі на загоны. Гэта паспрыяе хутчэйшаму паспяванню льну. На палетках задзейнічаны 6 церабілак і 8 ільнокамбайнаў. На іх працуюць вопытныя механізатары.
На зелянец плануюць выцерабіць 500 гектараў. Астатняе абмалоцяць на насенне. Пасля цераблення стужкі льносаломкі вылежваюцца прама ў полі. Для гэтага патрэбны сонечныя дні і росныя раніцы. Каб атрымаць якасную трасту, яе абарочваюць, а пры неабходнасці ўспушваюць. І толькі пасля высыхання прэс-падборшчыкі падбяруць трасту, спрасуюць у рулоны і даставяць у шохі на захоўванне і для далейшай перапрацоўкі.
Анна Анішкевіч