У поле – на новых камбайнах
Цудоўны настрой у механізатараў ААТ «Хацілы-агра» Валерыя Ярашэвіча і Мікалая Пабядзінскага: у іх руках — ключы ад новых камбайнаў «Палессе», якія сельгаспрадпрыемства набыло летась.
Мікалай Пабядзінскі ўсё жыццё прысвяціў хацілаўскай зямлі. Чатыры гады таму атрымаў права на льготную пенсію, але развітацца з тэхнікай не спяшаецца. Тым, што вопытны хлебароб прадаўжае працаваць, у гаспадарцы задаволеныя. Сёлета, каб заахвоціць ветэрана, яму прапанавалі новы камбайн.
Стаж работы ў Валерыя Ярашэвіча — 15 гадоў. 11 сезонаў убіраў збажыну. 10 разоў быў у ліку тысячнікаў раёна.
— Такіх акуратных механізатараў, як Валера, трэба пашукаць, — гаварыў галоўны інжынер ААТ «Хацілы-агра» Валерый Курто. — Падыміцеся да яго ў кабіну: там чысцей, чым, можа, у каго дома. Тэхніку любіць і беражэ яе. На мінулым «Палессі» адпрацаваў 11 сезонаў. А яго стары камбайн, якім будзе кіраваць іншы механізатар, у жніве будзе задзейнічаны таксама.
А Валерыю Ярашэвічу і Мікалаю Пабядзінскаму, упэўненая, і сёлета будзе спадарожнічаць поспех.
Анна Анішкевіч