Лепельщина принимала IV Витебский областной слет организаций ОО «Белорусский союз ветеранов войны в Афганистане»

Общество

Ветэранам на адпачынак рана

З 22 па 24 ліпеня ў Лепельскім раёне адбыўся IV Віцебскі абласны злёт раённых і гарадскіх арганізацый грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане». Мерапрыемства было прысвечана Году гістарычнай памяці і Дню ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Удзельнічалі ў ім і пастаўчане, якія ўвогуле з’яўляюцца першаадкрывальнікамі такіх злётаў на Віцебшчыне.

Упершыню ён адбыўся ў 2018 годзе менавіта на тэрыторыі нашага раёна — на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі». Пастаўскіх ветэранаў-«афганцаў» на яго правядзенне натхнілі «калегі» з Літоўскай Рэспублікі.

— У 2017 годзе нас запрасілі на злёт ветэранаў лакальных ваенных канфліктаў у літоўскі горад Рокішкіс — там такія сустрэчы ладзіліся ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, — расказваў старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Лушчык. — Узнікла ідэя правесці штосьці падобнае і на Пастаўшчыне. Ініцыятыву падтрымалі ў раённым выканаўчым камітэце, і пасля праведзенай вялікай арганізацыйнай работы ў Азёрках адбыўся першы злёт ветэранаў-«афганцаў» Віцебшчыны. У госці да нас тады  прыехалі і таварышы з Прыбалтыкі.

Лепельщина принимала IV Витебский областной слет организаций ОО «Белорусский союз ветеранов войны в Афганистане»
Пастаўскія ветэраны-«афганцы» з таварышамі з Міншчыны

У 2019 годзе аналагічнае мерапрыемства ладзіла Лепельшчына, летась — Браслаўшчына. Сёлета ветэранаў зноў гасцінна сустракаў лепельскі край. На злёт з’ехаліся 15 дэлегацый (а гэта больш за 120 чалавек) з розных рэгіёнаў нашай вобласці. У яго праграме былі такія віды спаборніцтваў, як перацягванне каната, армрэслінг, стральба з пнеўматычнага пісталета, дартс, стральба з лука, кіданне нажа і тапорыка. Дадаткова праводзіліся конкурсы песні, паэзіі і нумароў мастацкай сама­дзейнасці, конкурс газет і баявых лісткоў, конкурс на найлепшую страву, найлепшую арганізацыю турыстычнага лагера.

У складзе каманды пастаўчан на злёт адправіліся Валерый Лушчык, Валерый Гарачка, Тажыдзін Міралаў, Аляксандр Рамановіч. Да іх таксама далучыліся некалькі ветэранаў вайны ў Афганістане з Мядзела і Вілейкі.

— У лік пераможцаў мы не ўвайшлі, але кожны з нас атрымаў галоўную ўзнагароду злёту ў выглядзе новых знаёмстваў і шчырых зносін з даўнімі сябрамі, — адзначаў Валерый Антонавіч. — Шмат эмоцый засталося і ад канцэрта ўдзельнікаў народнага ансамбля патрыятычнай песні «Саланг» з Жодзіна. Вечарам яны выступілі асобна ў нашым, пастаўскім, лагеры — нават пад акардэон на іспанскай мове песні гучалі!

Лепельщина принимала IV Витебский областной слет организаций ОО «Белорусский союз ветеранов войны в Афганистане»

Сярод ганаровых гасцей на злёце былі старшыня Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане генерал-маёр Валерый Гайдукевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі гэтага ж грамадскага аб’яднання падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Мацкевіч і іншыя. У нязмушанай абстаноўцы яны ўспаміналі Афган і ў размове з нашымі землякамі. Асабліва шмат іх увагі было скіравана Тажыдзіну Міралаву: ён двойчы быў у Афганістане і ў складзе легендарнага мусульманскага батальёна штурмаваў палац Аміна. Удзельнікаў тых падзей у Беларусі ўсяго некалькі.

Дзякуючы пастаўскім ветэранам-«афганцам» сёлета ў тур­злёту з’явіўся пераходны сімвал — драўляны ключ. Пра яго выраб паклапаціўся Валерый Гарачка. Штогод гэты сімвал будзе перадавацца гаспадарам наступнага турзлёту.

— Гэта мерапрыемства ўмацоўвае сяброўскія сувязі паміж усімі, хто ваяваў у Афганістане і іншых гарачых кропках, — гаварыў Валерый Лушчык. —  Гэта яшчэ  і выдатная магчымасць узгадаць гераічнае мінулае нашых продкаў. У першы дзень мерапрыемства ўдзельнікі злёту ўсклалі кветкі да брацкай магілы ў вёсцы Чарнаручча. У гады Вялікай Айчыннай там было гета, у якім забілі 2,5 тысячы чалавек. Вяртаючыся дадому, мы з таварышамі заехалі на мемарыяльны комплекс на месцы вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне, якую напаткаў лёс Хатыні. У гонар ахвяр вайны ўсклалі кветкі. У Год гістарычнай памяці такія паездкі набываюць асаблівы сімвалізм. І яшчэ раз запэўніваюць, што подз­віг нашых продкаў не забудзецца.

Іна Сняжкова
Фота даслаў Валерый Лушчык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.