Працаваць бяспечна, адпачываць камфортна
Удзел прафсаюзных арганізацый раёна ў правядзенні ўборачнай кампаніі, санаторна-курортнае аздараўленне членаў прафсаюза, карыстанне паслугамі «Белтурыста» і многія іншыя пытанні разгледжаны на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Па першым пытанні з дакладам выступіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч.
— Прафсаюзы АПК прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх сельскагаспадарчых кампаніях, — гаварыў ён. — Пад нашым кантролем — умовы працы работнікаў і забяспечанасць іх гарачым харчаваннем, выкананне тэхнікі бяспекі на рабочых месцах, падвядзенне вынікаў раённага спаборніцтва і г. д. На жніве сёлета плануецца задзейнічаць амаль 70 камбайнаў, 29 зернеачышчальных комплексаў, 56 адзінак тэхнікі для перавозкі збожжа. На розных участках будуць працаваць каля 300 чалавек. Падрыхтоўка да ўборачнай кампаніі пачалася, прапрацавана шмат як арганізацыйных, так і практычных пытанняў. Нельга патрабаваць ад работніка максімальнай аддачы, не забяспечыўшы яму адпаведных умоў працы. Таму адной з асноўных задач для нас з’яўляецца клопат пра чалавека.
З мэтай своечасовага і якаснага правядзення ўборкі ўраджаю, удасканалення прафесійнага майстэрства, павышэння эфектыўнасці выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі прэзідыум райкама работнікаў АПК зацвердзіў палажэнне аб арганізацыі раённага спаборніцтва на жніве. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў маюць права заахвочваць работнікаў з уласных сродкаў.
Яшчэ адзін прыярытэтны кірунак работы прафсаюзаў — аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне работнікаў у здраўніцах Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У сістэму «Белпрафсаюзкурорт» уваходзяць 13 санаторыяў, размешчаных у маляўнічых мясцінах Беларусі. У іх створана добрая лячэбна-дыягнастычная база, укараняюцца новыя сучасныя метады лячэння. Для аздараўлення ў санаторыях членам прафсаюза і іх дзецям ад 4 да 14 гадоў даецца 25-працэнтная скідка. На многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях, згодна з калектыўным дагаворам, прадугледжана аказанне дапамогі на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне.
За 6 месяцаў бягучага года па сацыяльным страхаванні набыта 107 санаторна-курортных пуцёвак, з іх 28 — для дарослых, 30 — для маці і дзяцей. Актыўна карыстаюцца гэтай паслугай у пярвічках аддзела па адукацыі, лясгаса, УП ЖКГ, АДРАЦ «Ветразь», Дунілавіцкага дома-інтэрната, малочнага завода і іншых. Аздараўліваюцца члены прафсаюза і ў падведамных санаторыях ААБ «Беларусбанк» і Беларускай чыгункі. Карыстаюцца папулярнасцю туры выхаднога дня ў санаторыях «Нарачанка» і «Нарач».
— Сапраўды, клопат пра чалавека — гэта забеспячэнне яму не толькі годных умоў працы, але і камфортнага адпачынку, — гаварыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. — Таму і імкнёмся прапагандаваць санаторна-курортнае лячэнне, турыстычныя паслугі, каб нашы людзі працы маглі пабываць у славутых мясцінах, глыбей пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю. Сёлета райкамы прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дзяржаўных і іншых устаноў, культуры, інфармацыі, спорту і турызму праз філіялы «Беларустурыста» арганізавалі для членаў прафсаюза 8 экскурсій па такіх папулярных маршрутах, як Гродна, Ліда, Мір, Нясвіж, Гервяты, Дудуткі, Брэст і інш.
Для работнікаў сельгаспрадпрыемстваў лета — гарачая пара, а для работнікаў іншых арганізацый — час адпачынку. Пра тое, каб іх праца была бяспечнай, а адпачынак — камфортным, паклапоціцца прафсаюз.
Анна Анішкевіч