З мэтай аказання метадычнай дапамогі
13—14 ліпеня ў раёне працавала група тэхнічных інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яна праводзіла маніторынг выканання патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы.
Галоўны тэхнічны інспектар Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і лесакарыстання Яўгеній Рудасаў пабываў у ААТ «Навасёлкі-Лучай» і лясгасе, а галоўны тэхінспектар РК ФПБ банкаўскіх і фінансавых работнікаў Алена Рымашэўская — у разлікова-касавым цэнтры №17 г. Паставы ААТ «Белаграпрамбанк» і ў Цэнтры банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААТ «ААБ Беларусбанк». Галоўны інспектар Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў галін прамысловасці «Белпрафмаш» Георгій Кішчук і прафсаюзны інспектар па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Ахмадзееў праінспектавалі наяўнасць бяспечных умоў працы, прафілактыку вытворчага траўматызму, забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы на Пастаўскім малочным заводзе. Разам з імі на гэтым прадпрыемстве пабывала і карэспандэнт «ПК».
Спачатку адбылася сустрэча з першым намеснікам дырэктара завода Георгіем Касцянём. Затым намеснік дырэктара па вытворчасці Таццяна Цітова і начальнік сыраробнага цэха Таццяна Радзівіловіч правялі інспектараў па цэхах прадпрыемства. Георгій Кішчук, знаёмячыся з вытворчасцю, паралельна цікавіўся забяспечанасцю работнікаў спецвопраткай, гартаў журналы штодзённага кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы і рэгістрацыі праведзеных інструктажоў.
Сваю работу галоўны інспектар ФПБ прадоўжыў у кабінеце інжынера па ахове працы завода Андрэя Дулінца. Адбыўся зацікаўлены дыялог. Андрэй Францавіч атрымаў адказы на пытанні, якія яго цікавілі.
Не абмінуў сваёй увагай Георгій Кішчук і транспартны ўчастак прадпрыемства, дзе захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка. Гэтыя памяшканні ў свой час належалі райсельгастэхніцы. Некалькі гадоў таму іх перадалі малочнаму заводу. Каб навесці там ідэальны парадак, трэба ўкласці шмат фінансавых сродкаў. Работа вядзецца паступова.
У Георгія Кішчука засталіся прыемныя ўражанні ад наведвання завода. Станоўча ён ацаніў і работу інжынера па ахове працы Андрэя Дулінца.
— Прадпрыемства сучаснае. Бачна, што тут вялікая ўвага надаецца стварэнню належных умоў працы, — падсумаваў Георгій Кішчук. — Прыемна зайсці не толькі ў цэхі, але і ў санітарна-бытавыя памяшканні. Работнікі ў поўным аб’ёме забяспечваюцца спецвопраткай, сродкамі індывідуальнай аховы. У парадку і дакументацыя па ахове працы. Яна абнаўляецца, рэгулярна ўносяцца змяненні ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Нязначныя парушэнні па абсталяванні месцаў рамонту тэхнікі выяўлены на транспартным участку. Іх ухіленне не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў і шмат часу. Я напішу рэкамендацыі — і, упэўнены, на заводзе прымуць усе неабходныя меры да ўхілення недахопаў.
— Мэта маніторынгаў, якія арганізуюцца па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — выявіць недапрацоўкі па ахове працы, даць рэкамендацыі па іх ухіленні, — гаварыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Далецкая. — Практыка паказвае, што грамадскі кантроль дапамагае палепшыць сітуацыю на месцах. Таму ўдзячная тэхнічным інспектарам, якія на гэты раз працавалі ў нашым раёне, за аб’ектыўную ацэнку работы інжынераў па ахове працы і метадычную дапамогу.
Анна Анішкевіч