Маладым у іх павучыцца
У пачатку вясны Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аб’явіў агляд-конкурс «Найлепшае падвор’е-2022» для пажылых грамадзян, якія карыстаюцца паслугамі сацыяльнай службы.
Ён ладзіцца ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030» і прысвечаны Году гістарычнай памяці. Нядаўна начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Іна Ягела адправіліся да канкурсантаў, каб пазнаёміцца з імі і ацаніць панадворкі. Па некаторых адрасах у райцэнтры пабывала і карэспандэнт «ПК».
Яркая ружа пляцецца па сцяне дома, у кветніку раскашуюць розных сартоў лілеі, у агародзе чырванеюць памідоры, адцвітае бульба… І нідзе ні травінкі! Гаспадыня Фоція Пабядзінская выходзіць з дома, абапіраючыся на кіёк.
— Хто такі парадак навёў вам? — цікавяцца члены арганізацыйнай камісіі.
— Маю добрага сацыяльнага работніка — Іну Лапушынскую, — адказвае жанчына. — Але лішняй работай яе стараюся не загружаць. Хоць мне ўжо 89, рухаюся. Кветкі вельмі люблю, таму і даглядаю іх з задавальненнем. У мяне цудоўныя, гаспадарлівыя маладыя суседзі. Імкнуся, каб ім не было сорамна за мой панадворак.
— Ды ў вас маладым варта павучыцца! — парыруюць прадстаўнікі ТЦСАН. — Ваш прыгожы і дагледжаны ўчастак радуе вока. Жадаем так трымаць і надалей.
Каля пад’езда дома №11 па вуліцы Юбілейнай сустракае Людміла Нусіна. Расказвае, што пра парадак у пад’ездзе, кветкі на клумбах пад вокнамі клапоціцца разам з суседкамі Лайлай Пачкоўскай, Людмілай Палтаржыцкай і Тамарай Астапковіч.
— Мы пабывалі ў многіх населеных пунктах раёна, — расказвала Іна Ягела. — Прыемныя ўражанні засталіся ад хараства ў дварах Аліны Казіміраўны Самковіч і Вайцеха Канстанцінавіча Бутовіча з Казлоўшчыны, Ядвігі Уладзіміраўны Вештарт з Рэдзькаўшчыны, Веранікі Янаўны Юхновіч з Буды. Яшчэ канкурсанты чакаюць членаў камісіі ў Варапаеве, Лынтупах і Юньках. Даедзем да кожнага, хто падаў заяўку на ўдзел у конкурсе. А таксама напамінаю, што ёсць яшчэ намінацыі «Сабе на карысць» (незвычайныя нарыхтоўкі з вырашчанага ўраджаю), «Ад прыроды — матэрыял, ад майстра — талент» (вырабы з дрэва, агародніны, фруктаў).
Анна Анішкевіч