Змагаліся да канца
ФСК «Паставы»–ФК «Лепель» – 2:2
У гэтай сустрэчы ў пастаўчан адсутнічалі тры вядучыя ігракі. У стартавым складзе з’явіліся і добра сябе праявілі двое навічкоў — Уладзіслаў Дубін і Уладзімір Камісарчук. Лепяльчане ад іншагародных футбалістаў адмовіліся ўвогуле і пачалі матч вельмі агрэсіўна: ужо на 2-й хвіліне правялі вострую фланговую атаку. На прастрэльную перадачу адгукнуўся дэбютант Яўген Піпко, які вывеў каманду сапернікаў наперад — 0:1.
Нашы не разгубіліся і адказалі на выклік стрэлам Яўгена Ясюковіча. На жаль, мяч крыху размінуўся са стойкай варот.
Лепяльчане перыядычна праводзілі імклівыя контратакі. Нягледзячы на гэта, дамінаваць на полі сталі пастаўчане. Ужо ў сярэдзіне першага тайма яны зарабілі пенальці. Да мяча падышоў апорны паўабаронца Ігар Павініч, але варатар ФК «Лепель» Яраслаў Самсонаў у скачку адбіў яго ўдар. Некалькі разоў бліскуча згуляў і яго пастаўскі калега па амплуа Андрэй Чашун. Прыгожы атакуючы футбол трымаў гледачоў у напружанні да самага фінальнага свістка. Да гонару пастаўчан, на матчы прысутнічалі Сяргей Чэпік і Пётр Курто.
Да перапынку ФСК «Паставы» стварыў тры галявыя моманты, але адыграцца змог, калі пачаўся лівень. Наш капітан Андрэй Вілейта з другой спробы без перашкод рэалізаваў свой выхад на вароты саперніка — 1:1.
У другой палове матча абедзве каманды па чарзе небяспечна атакавалі. Аднак нечакана для ўсіх наперад выйшлі лепяльчане. Яны разыгралі ўзорную камбінацыю: на 66-й хвіліне вывелі на заключны ўдар Дзяніса Агрызку, які не прамахнуўся — 1:2. У канцы гульні стадыён заціх, бо за нястрыманасць за другое па ліку папярэджанне быў выдалены з поля наш вопытны абаронца Максім Голубеў.
Пастаўчане з апошніх сіл пайшлі на штурм варот лепяльчан. Пасля двух безвыніковых выхадаў адзін на адзін з варатаром наш капітан А. Вілейта на 86-й хвіліне з вострага вугла трапна стрэліў пад перакладзіну — 2:2. У пастаўскай каманды быў шанц вырваць перамогу ў канцоўцы. Але Я. Ясюковіч прабіў крыху вышэй за вароты, а ў наступным эпізодзе ўдар прыйшоўся ў штангу.
Баявой нічыёй на сваім полі дабіліся Чашун, М. Зелянкевіч (Звяруга), Рогач, Голубеў, Касенка, Каралёнак, Камісарчук (Давідоўскі), Павініч, Дубін (Маршын), Ясюковіч, Вілейта (к).
У гэтым туры наш наступны сапернік — віцебскі «Велес» — атрымаў 10-ю па ліку перамогу з буйным лікам, разграміўшы на выездзе (5:2) ФК «Міёры». Дзеючы чэмпіён — «Газавік» (Віцебск) — нечакана дома саступіў (1:3) гарадокцам. Іншыя сустрэчы тура завяршыліся так: ФК «Сянно»—«Ніва» (Талачын) — 3:0, «Полацк-2019»—ФК «ДЮСШ-Орша» — 0:0. У актыве пастаўчан — 12 ачкоў і разам з палачанамі яны дзеляць 6—7-е месцы ў турнірнай табліцы. Нашы падымуцца вышэй, калі АБФФ перагледзіць вынік (3:3) скандальнага матча з сенненцамі.
7 жніўня наша каманда на сваім полі памераецца сіламі з аршанцамі.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя