Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»–ФК «Сенно» – 3:3

Спорт и туризм

Драматычная развязка

ФСК «Паставы»–ФК «Сянно» – 3:3

Да ўпартага супрацьстаяння з леташнім сярэбраным прызёрам пастаўчане падрыхтаваліся, але ў іх складзе адсутнічаў адзін з вядучых паўабаронцаў. У пачатку сустрэчы яны правялі 4 вельмі небяспечныя атакі. На жаль, заключныя ўдары былі не зусім дакладнымі, а ў двух эпізодах надзейна згуляў варатар ФК «Сянно». У сярэдзіне першага тайма сенненцы па-майстэрску разыгралі штрафны ўдар: іх 33-гадовы капітан Арцём Ладноў дакладна прабіў у вугал варот — 0:1. Акрыленыя сапернікі маглі вызначыцца яшчэ пару разоў, калі б не імгненная рэакцыя нашага галкіпера Андрэя Чашуна.

На перапынак сенненцы пайшлі ў прыўзнятым настроі, бо Уладзімір Харашчэеў на 45-й хвіліне скарыстаўся памылкай свайго апекуна — 0:2. Перад пачаткам другога тайма на стадыёне адбылася ўрачыстая цырымонія развітання нашай каманды з ветэранам і яе шматгадовым капітанам Уладзімірам Карагам. Гонар Пастаў Уладзімір Антонавіч годна абараняў з 2005 года, за родны горад згуляў на высокім узроўні звыш 200 матчаў. Пад апладысменты яму ўручылі каштоўны падарунак, Ганаровую грамату і футбольны мяч.

Чемпионат Беларуси по футболу. ФСК «Поставы»–ФК «Сенно» – 3:3
Прарыў на ўдарную пазіцыю капітана пастаўчан Андрэя Вілейты

Затым барацьба паміж камандамі разгарнулася з новай сілай, цяпер ужо пад дыктоўку пастаўчан. Іх напор прывёў да шматлікіх галявых момантаў ля варот саперніка. Спачатку на 57-й хвіліне прыгожы гол ударам галавой правёў наш паўабаронца Ігар Павініч — 1:2. Праз 7 хвілін на левым флангу на хуткасці ў штрафную пляцоўку ўварваўся яго калега па амплуа Яўген Ясюковіч і аднавіў раўнавагу — 2:2. У сенненцаў адзін з ігракоў атрымаў траўму нагі, а замены яму ўжо не было. Канцоўка матча аказалася для саперніка нервовай, бо капітан пастаўчан Андрэй Вілейта за 10 хвілін да фінальнага свістка ўмела згуляў на дабіванні — 3:2. Больш вопытныя апаненты пачалі дзейнічаць агрэсіўна і жорстка, нават атрымалі 6 папярэджанняў. На 83-й хвіліне яны правялі контратаку: іх цэнтрфорвард Арцём Клопаў выйграў сілавую барацьбу і дабіўся раўнавагі на табло.

Другой у сезоне дамашняй нічыёй дабіліся Чашун, Якаўлеў, Голубеў, Рогач, Касенка, М. Зелянкевіч (Пучынскі), Каралёнак (Гарнадуд), Павініч, Ясюковіч, Вілейта (к), Чалей. Іншыя матчы тура завяршыліся так: «Гарадскія львы (Гарадок)—«Велес» (Віцебск) — 2:7, ФК «Міёры»—«Газавік» (Віцебск) — 1:1, «Полацк-2019»—«Ніва» (Талачын) — 6:5, «ДЮСШ-Орша»—ФК «Лепель» — 1:0

У актыве пастаўчан 11 набраных ачкоў. Яны ідуць на 5-м месцы. Дзве наступныя сустрэчы нашы правядуць на выездзе ў Віцебску і Талачыне, а ў родных сценах 24 ліпеня згуляюць з лепяльчанамі.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.