Жительница деревни Местечко Феофания Соболь отметила 90-летний юбилей

Общество

Як пчала працавітая

У адзін з чэрвеньскіх дзён 90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Мястэчка Феафанія Ісідараўна Собаль. З нагоды адметнай даты з віншаваннямі і падарункамі да яе завіталі старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Юрый Кісялёў і кіраўнік спраў Наталля Сталяронак, загадчыца Юнькаўскага сельскага Дома культуры Алена Зубко са сваёй дачкой Сабінай — юнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці.

Імянінніца гасцям абрадавалася. Дзякавала за ўвагу і ўспамінала мінулае. Яно было нялёгкім. Самы страшны час — вайна. Нацярпелася здзекаў ад ворага на роднай зямлі, а потым немцы 8 сем’яў з Мястэчка, у тым ліку і сям’ю Фені, вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Складана нават ўявіць, як жылося на чужыне. З вялікай радасцю сустрэлі Перамогу. Цяжкай была дарога дадому. Калі вярнуліся, у вёсцы на месцы пабудоў убачылі толькі коміны. Сваё хацішча нават не пазналі. Прытуліла радня.

Жительница деревни Местечко Феофания Соболь отметила 90-летний юбилей
Имянінніцу віншуюць Юрый Кісялёў і Наталля Сталяронак

— Татаў дзядзька жыў з жонкай, нявесткай і двума ўнукамі, — успамінала Феафанія Ісідараўна. — Яго сын загінуў на фронце. Жыллё ў іх пасля пажару было часовае. Самім цесна, а тут яшчэ нас трое. Праз пэўны час мы перайшлі ў іншы дом, які ўцалеў падчас блакады. Там мясціліся пяць сем’яў. Каму падчас вайны пашанцавала застацца ў роднай вёсцы, той збярог карову, каня, свіней, авечак, сеяў збожжа і са­дзіў бульбу. Усім, што мелі, вяскоўцы дзяліліся з тымі, хто вярнуўся з Германіі або з фронту.

Пазней дзяржава стала вы­дзяляць лес для будаўніцтва дамоў. Брат дапамагаў брату, сусед — суседу. Талакой работа ішла шпарка. Феня вывучылася на швачку. Завялі пчол, якія прыносілі немалы прыбытак. Так паціху і абжыліся. Пакахалася з хлопцам з Ліпнікаў, і ён прыйшоў да яе ў прымакі.

— Да работы мы з мужам былі гарачыя, — расказвала. — Купілі дом, па-свойму абуладкавалі яго. У будаўнічай справе кемілі і бацька, і муж. Каб мець даўжэйшы рубель, муж уладкаваўся на работу ў будаўнічую арганізацыю, ездзіў па камандзіроўках. Я працавала швачкай на комплексным прыёмным пункце ў Савічах. Колькі тады было заказаў на пашыў верхняга адзення, сукенак, спадніц! 8 гадоў, не разгінаючыся, за швейнай машынкай адсядзела.

Затым Феафанія Собаль перайшла ў пральню Савіцкай ўчастковай бальніцы. Стала мець больш вольнага часу. Даглядала пчол, мёд вазіла прадаваць у Нарач. Мужу таксама захацелася быць пры сям’і. Ён закончыў курсы механізатараў і працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. А калі пачало падводзіць здароўе, стаў малаказборшчыкам.

Феафанія Ісідараўна даўно ўдава. Але сумаваць ёй некалі. Сын з нявесткай, якія жывуць у Паставах, займаюцца пчалярствам. Яна ім дапамагае.

— Калі думаю, як ўдалося так доўга пражыць, то дзякую Богу і пчолам, — гаварыла Феафанія Ісідараўна. — Мінулай зімой захварэла на кавід, але абышлася без дапамогі медыкаў — вылечылася мёдам, які спрыяе здароўю і дадае сілы.

Правяла і мяне па пчалінай гаспадарцы. Немалы прыся­дзібны ўчастак, вялікі яблыневы сад — сапраўднае раздолле і добрая база для крылатых рупліўцаў. Пчолы ў Собаляў не джаляць, таму мы спакойна хадзілі паміж вулляў, а гаспадыня вельмі цікава расказвала пра сваю дружбу з нястомнымі насякомымі, пра іх пароду і працягласць жыцця, размеркаванне роляў у пчалінай сям’і, як яны будуюць соты, збіраюць нектар. Слухала доўгажыхарку, дзівілася з яе светлай памяці, энергічнасці і параўноўвала з працавітай пчалой.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.