Водитель-почтальон Анатолий Свиркович обслуживает более 40 населенных пунктов

Общество

На маршруце – Анатолій Свірковіч

На днях мне давялося паназіраць за работай вадзіцеля-паштальёна Пастаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Анатолія Свірковіча. Уражанні засталіся добрыя.

Прызнаюся: прасіла ў кіраўніцтва ўстановы дазволу паездзіць ра­зам з Анатоліем Эмануілавічам па яго маршруце, але не атрымала: знаходжанне пабочных асоб у паштовай машыне забаронена. Таму следам за ёй у дарогу адправілася і рэдакцыйная.

Анатолій абслугоўвае больш за 40 населеных пунктаў. З вузла сувязі яго маршрут пралягае ў Ліпнікі, Манькавічы, Агароднікі, Калееўцы, Мястэчка, Гогава, Савічы і ўсё далей. На ім ёсць і такія буйныя аб’екты, як аграгарадок Юнькі, АДРАЦ «Ветразь».

«Як толькі і спраўляецеся?» — пытаюся. На што Эмануілавіч адказвае: «У паштовай сувязі я працую 7 гадоў. Да гэтага займаўся зусім іншай справай. Але ніколькі не шкадую, што змяніў работу. Яна вельмі патрэбная людзям, мяне заўсёды чакаюць. Адно дрэнна, што не хапае часу падоўгу затрымлівацца ў вёсках. А людзям так хочацца не толькі атрымаць паслугу, але і выгаварыцца. Але без увагі не пакідаю ні аднаго чалавека. Асабліва прыемна выдаваць пенсіі. Тым больш што тэрміны іх выплаты ніколі не зрываюцца. А калі чысло прыпадае на святочны ці выхадны дзень, то выдаюцца і раней. Работы ў мяне, канечне, шмат, адказнасць вялікая. Але спраўляюся і ганаруся гэтым».

Водитель-почтальон Анатолий Свиркович обслуживает более 40 населенных пунктов
Жыхаркі в. Савічы Ірына Кацейка і Наталля Дварко з радасцю атрымліваюць з рук паштальёна Анатолія Свірковіча раённую газету

Мы калясілі следам за паштовай машынай, і я прыглядалася, як спрактыкавана Анатолій карыстаўся апаратна-праграмным комплексам «Мабільны паш­тальён», выдаваў пенсіі, прымаў плацяжы, клаў у паштовыя скрынкі або ўручаў прама ў рукі вяскоўцам газеты, прыязна перагаворваўся з імі, прадаваў муку, макарону, алей, пячэнне, іншыя прадукты (усё — ва ўпакоўках). «А ці ахвотна людзі падпісваюцца на перыядычныя выданні?» — не магла не задаць пытанне. На што паштальён адказаў: «Зараз цікавасць людзей да газет значна меншая, чым гадоў 10 назад. Але на «Пастаўскі край» падпісваюцца ахвотна, я і сам люблю раёнку. Чытаюць і іншыя газеты. Падказваю, каб не забыліся падоўжыць падпіску, агітую новых падпісчыкаў».

Насельніцтва раёна абслугоўваюць 8 сельскіх і 6 гарадскіх аддзяленняў сувязі (уключаючы Лынтупы і Варапаева), 6 перасоўных (у экіпажы – вадзіцель і паштальён) і 3 матарызаваныя дастаўкі (вадзіцель-паштальён).

— Да Свірковіча жыхароў нашай вёскі абслугоўвала на перасоўным аддзяленні сувязі Алёна Падгайская, — расказвала старэйшына Савіч Ірына Кацейка. — Мы да яе прывыклі і вельмі шкадавалі, калі яе перавялі ад нас. Новага паш­тальёна прынялі насцярожана. Сумняваліся, ці зможа ён выконваць свае абавязкі гэтак жа якасна, як Алёна. Ды дарэмна. У Эмануілавіча ўсё атрымалася. Ён адказны, прыветлівы, камунікабельны. Яго работай мы задаволеныя.

«Дзякуй Богу, што ёсць такія людзі, як Анатолій. Так і напішыце ў газеце», — прасіла мяне жанчына з Гогава. «Ніколі не сарваў графіка», — пераконвалі ў Манькавічах. «Заўсёды ўважлівы і добразычлівы», — характарызавалі ў Логавінцах. «Нам вельмі зручна, што Эмануілавіч, акрамя газет, прывозіць розныя прадукты», — гаварылі ў Перавозніках.

Не ведаю, калі завяршыўся рабочы дзень Анатолія Свірковіча, бо суправаджала яго толькі на частцы шляху. А назаўтра вадзіцель-паштальён ужо з 7.30 раніцы атрымліваў у вузле сувязі газеты, часопісы, пісьмы, грошы на выплату пенсій, тавары на продаж, каб зноў па знаёмым маршруце адправіцца да вяскоўцаў. Яго чакаюць!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.