У падарожжы – на электракары
З кожным годам усё больш аўтааматараў у розных краінах свету перасаджваюцца з бензінавых і дызельных аўтамабіляў на электрычныя. Расце колькасць электракараў і ў Беларусі. Толькі на Пастаўшчыне іх сёння бегае з дзясятак розных марак. Адным з уладальнікаў экалагічна чыстага транспарту з’яўляецца жыхар райцэнтра Аляксандр Базелеў.
— Усё пачалося з электрасамаката, які набыў у 2019-м, — расказваў ён падчас сустрэчы. — За 2 гады наездзіў на ім па горадзе 3,5 тысячы кіламетраў. Палічыў: расходаў амаль ніякіх. А тут яшчэ сябар усё часцей стаў заводзіць гаворку пра электрамабілі, маўляў, такія класныя машыны, такая эканомія на паліве, да таго ж не забруджваюць наваколле, не трэба ўкладваць грошы ў абслугоўванне рухавіка і г. д. Спачатку я крыху скептычна адносіўся да яго слоў, а потым зацікавіўся, пачаў чытаць пра электрамабілі. Неўзабаве сябар купіў сабе «Нісан Ліф», і мы сям’ёй адправіліся да яго ў госці. Агледзелі машыну з усіх бакоў, селі, праехалі на ёй. У салоне дастаткова месца для чатырох чалавек, аўто хуткае, манеўранае. Словам, спадабалася. І я ўзяўся вывучаць прапановы прадаўцоў у інтэрнэце.
Ярка-чырвоны «Ліф» 2013 года выпуску Аляксандр купіў у кастрычніку мінулага года ў Мінску. Выбраў яго з больш чым 10 машын, якія прыехаў глядзець. З таго часу актыўна эксплуатуе: за 7 месяцаў аўто прабегла ўжо 9 тысяч кіламетраў. Спачатку Базелевы перамяшчаліся на ім па горадзе, потым сталі выязджаць за межы раёна, вобласці і нават краіны.
— Наша сям’я вельмі любіць падарожнічаць, — працягваў мой суразмоўца. — Кожныя выхадныя мы кудысьці адпраўляемся. Маршруты ў асноўным па Беларусі. Так, у водпуску праехалі ўсю Гродзеншчыну, Брэстчыну і Гомельшчыну, пабывалі ва ўсіх замках. За мінулы год на сваім дызельным «Фордзе Гэлаксі» накаталі каля 40 тысяч кіламетраў. Нядаўна я падлічыў, колькі патраціў бы грошай, калі б праехаў столькі ж на электрамабілі. Аказалася, сэканоміў бы больш за тысячу долараў. Тады я вырашыў прадаць «Форд» і павялічыць ёмістасць акумулятара «Нісана».
Цяпер замест стандартных 150 кіламетраў запас яго ходу складае 300-350, і можна свабодна перамяшчацца на вялікія адлегласці. Два тыдні назад Базелевы ездзілі ў Смаленск. 816 кіламетраў дарогі абышліся ім усяго ў 40 рублёў пры тым, што зараджалі машыну на грамадскіх станцыях. Калі б рабілі гэта дома, было б у два з паловай разы танней. Па словах Аляксандра, каб цалкам зарадзіць яго «Ліф» на станцыі, неабходна 40-45 хвілін, дома — каля 15 гадзін. Зараджае машыну гаспадар звычайна ноччу ад выведзенай на вуліцу разеткі напружаннем 220 вольт. З моманту пакупкі ён ні на кроплю не расчараваўся ў электракары і бачыць у ім адны плюсы.
— У аўтамабілі з бензінавым рухавіком ёсць вельмі шмат таго, што падлягае рэгламентнай замене пасля пэўнага тэрміну, — гаварыў мужчына. — Гэта масла, фільтры, рамяні ГРМ і прывадныя, ролікі, фарсункі, свечы, правады. У электрамабілі рухавік не патрабуе абслугоўвання. Масла ў рэдуктары мяняецца пасля прабегу 30-40 тысяч кіламетраў, і яго трэба ўсяго 1,5 літра. Акумулятар разлічаны на 600 тысяч кіламетраў. Да таго ж у электракара добрая плаўнасць ходу, працуе ён амаль бясшумна, а з уладальнікаў такіх машын не бярэцца транспартны падатак.
У планах Аляксандра Базелева ўстанавіць на сваім «Нісане» мацаванне для веласіпедаў, каб можна было браць іх з сабой у паездкі. Пры гэтым ён прызнаўся, што, хутчэй за ўсё, праз некаторы час памяняе «Ліф» на больш цікавую мадэль. Нядаўна пастаўчанін пабываў на сустрэчы электрамабілістаў у Мінску, дзе ўбачыў электракары кітайскіх вытворцаў, якія яму вельмі спадабаліся.
Алена Шапавалава