Талантом, артистичностью и харизмой Алёны Амбарцумян восхищаются люди разных возрастов

Важное Культура

Любоў да радзімы – у песні

Алена Амбарцумян нарадзілася ў маленькай вёсцы Рэдзькаўшчына. У школу хадзіла ў суседнюю Ляхаўшчыну, а скончыўшы яе, паспела пажыць у розных гарадах. 4 гады вучылася ў Наваполацку, на 6 прапісалася ў Мінску, яшчэ на паўгода — у Празе. Але куды б ні вялі дарогі лёсу, у сэрцы дзяўчыны заўжды родная вёска.

Менавіта ў Рэдзькаўшчыне яна засвоіла адно з галоўных правілаў у жыцці: трэба шанаваць карані, захоўваць традыцыі продкаў і як мага шырэй папулярызаваць народную творчасць. Гэтым Алена цяпер актыўна і займаецца. Вы маглі неаднойчы бачыць яе на сцэне раённага Дома культуры, на мерапрыемствах у Цэнтры культуры і народнай творчасці раёна. Летась яна кіравала жаночым народным клубам «Юнчанка», актыўна ўдзельнічала ў двух апошніх фестывалях «Звіняць цымбалы і гармонік»: у мінулым годзе як прыпевачніца спаборнічала ў конкурсе «Хто каго?» (і была адзначана журы дыпломам ІІ ступені), сёлета дапамагала прэзентаваць Юнькаўскі сельскі Савет на конкурсе падворкаў (ён у выніку стаў пераможцам).

Талентам Алены, яе артыстычнасцю і харызмай захапляюцца людзі розных узростаў. І нездарма: у музыцы яна не аматар, а прафесіянал. Скончыла музычную школу па класе баяна, Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці «Харавое дырыжыраванне», атрымала дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а затым навуковую ступень магістра мастацтвазнаўства.

Талантом, артистичностью и харизмой Алёны Амбарцумян восхищаются люди разных возрастов

Тэмай яе магістарскай дысертацыі, дарэчы, былі архітэктурная, культурная, музычная спадчына Пастаў. Пішучы работу, Алена Амбарцумян паглыбілася ў гісторыю роднага краю: зачытвалася кнігамі Ігара Пракаповіча і Іосіфа Зямчонка, цесна супрацоўнічала з раённым краязнаўчым музеем.

— Мне вельмі шчасціць на лю­дзей — нераўнадушных, творчых, якіх магу лічыць настаўнікамі па жыцці, — расказвала Алена. — З асаблівай цеплынёй успамінаю свайго класнага кіраўніка Святлану Лукінічну Аліхвер, выкладчыкаў Варапаеўскай музычнай школы Валянціну Мікалаеўну Тамазанаву, Валянціна Пятровіча Жагулу і іншых. А што да музыкі, то захапленне ёй перадалося ў спадчыну — вельмі прыгожа спявала мая бабуля.

Талантом, артистичностью и харизмой Алёны Амбарцумян восхищаются люди разных возрастов

Пакуль дзяўчына жыве ў бацькоўскім доме ў Рэдзькаўшчыне. Сям’я ў яе вялікая: ёсць малодшыя сястра і два браты. Цікава, што ўсіх чацвярых у пачатковых класах вучыла мама, якая і цяпер працуе педагогам. А сястра Ірына таксама звязала сваё жыццё з музыкай. Пасля заканчэння музычнага каледжа ў Наваполацку працуе выкладчыкам у Варапаеўскай дзіцячай школе мастацтваў імя І. Сушко — вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна.

Акрамя музыкі, у Алены ёсць і іншыя захапленні — яна з задавальненнем вышывае (у тым ліку рушнікі), вывучае англійскую мову. Але галоўнай аддушынай у жыцці ўсё ж з’яўляецца сцэна.

— Я вельмі люблю выступаць і атрымліваю ад гэтага неймавернае задавальненне, — адзначала суразмоўца. — Калі доўга не выходжу на сцэну, нешта «пад’ядае» знутры, хочацца хутчэй туды вярнуцца. Аднолькава люблю спяваць як народныя песні, так і прыпеўкі. Асаблівыя эмоцыі адчуваю, калі судакранаюся з музычнай спадчынай роднай вёскі і Пастаўшчыны ўвогуле. Раней мне пашчасціла збіраць песенны фальклор ад доўгажыхароў — носьбітаў традыцый. Гэта пакінула незабыўныя ўспаміны, ад якіх цяплей на душы. Тады ў чарговы раз пераканалася, як моцна я люблю свой край, сваю малую радзіму, дзе адчуваю сябе вольна і шчасліва.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.