Магія майстэрства
Сваю першую свістульку самабытны ганчар з Навасёлак Сяргей Шчэрба вылепіў каля 30 гадоў назад. Тады маладому настаўніку чарчэння, рысавання і працоўнага навучання даручылі весці ў школе гурток разьбы па дрэве. Падумаўшы, што, працуючы з вострымі інструментамі, дзеці могуць параніцца, Сяргей Уладзіміравіч вырашыў заняцца з імі керамікай, тым больш што гліна была побач з домам.
За маленькімі свістулькамі ў форме жывёл, птушак і рыб, медальёнамі і абярэгамі, якія з задавальненнем ляпіў разам з вучнямі, пайшлі большыя па памерах акарыны, затым — усемагчымыя гаршкі збанкі, гарлачыкі, міскі, кубкі… Для іх вырабу народны ўмелец устанавіў у двары дома ганчарнае кола, за якім дзень за днём адточваў сваё майстэрства, набываў бясцэнны вопыт работы з пластычным прыродным матэрыялам. Адначасова прымаў удзел у розных конкурсах, фестывалях і выставах, заваёўваючы на іх граматы і дыпломы. Ужо ў канцы 90-х гадоў па выніках рэспубліканскага конкурсу «Ганчарнае кола» быў удастоены ганаровага звання «Майстар глінянай цацкі года».
Сёння Сяргея Шчэрбу ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Германіі, Англіі, Францыі, а яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях больш чым у 30 краінах свету! Шмат гліняных вырабаў і ў сядзібе ганчара, якая называецца таксама, як і любімы музычны інструмент майстра, — «Акарына». Да нядаўняга часу сюды з задавальненнем прыязджалі на экскурсію і адпачынак як беларускія, так і замежныя турысты.
На жаль, нядаўна з-за шэрага прычын гаспадары перасталі займацца аграэкатурызмам. Але гасцям яны па-ранейшаму рады. Сяргей Уладзіміравіч ахвотна праводзіць для іх майстар-клас па ганчарстве і радуецца таму, як загараюцца вочы дарослых і дзяцей, якія назіраюць за працэсам нараджэння з кавалка гліны сапраўднага твора мастацтва.
Алена Шапавалава