У кожнага чалавека ёсць сваё «месца сілы». Там і неба сінейшае, і паветра званчэйшае, і дрэвы вышэйшыя, і водная гладзь раўнейшая. Для многіх жыхароў Пастаўскага раёна такім улюбёным месцам адпачынку з’яўляецца спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», размешчаны за 4 кіламетры ад райцэнтра.
І дарослых, і дзяцей вабіць туды не толькі маляўнічае хараство прыроды, але і сучасная спартыўна-турыстычная інфраструктура, якая ўвесь час удасканальваецца. Двухузроўневы вяровачны гарадок, скаладром, цір, комплексная спартыўная пляцоўка для гульні ў міні-футбол, валейбол і вялікі тэніс, катамараны — знайсці актыўны адпачынак для сябе ў «спартзале» пад адкрытым небам здолее кожны. А можна і проста павольна прайсціся па «казачных» сцяжынках, палюбавацца шматлікімі драўлянымі скульптурамі і малымі архітэктурнымі формамі, «пагасціць» у жытле Бабы Ягі.
У якасці сваёй рэзідэнцыі Азёркі выбралі два каларытныя дзяды — Дзед Бай (казачны персанаж у творах нашага знакамітага земляка-пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі) і Зюзя Паазерскі, які сёлета пасля непрацяглага перапынку вяртаецца ў свае ўладанні. З абодвума надзвычай цікава карагодзіць у навагоднія і калядныя святы.
Маленькіх наведвальнікаў асабліва прывабліваюць насельнікі жывога кутка: фазаны, куры, гусі і качкі. Асобы каларыт птушынаму жыллю, зробленаму ў асноўным з дрэва, надае яшчэ адзін прыродны матэрыял — камяні. Яны, нібы рамка люстэрка, абрамляюць сажалку, выкапаную пасярэдзіне міні-фермы, апяразваюць дрэвы і птушыныя домікі. З каменю вычасаны нават арт-аб’ект у форме чашы, у якой ляжаць яйкі.
Для турыстаў прама пад шатамі гонкіх сосен абуладкавана кемпінгавая стаянка з ачагамі для вогнішча і альтанкамі. Ёсць пасярод палатачнага гарадка і месца агульнага збору. З-за знешняга падабенства да тэрыторыі «разборак» у адным з расійскіх рэаліці-шоу многія жартам называюць яго «лобным месцам».
Аматараў лёгкай пары чакае модульная лазня. У ёй ёсць памывачнае аддзяленне, парылка і прылазнік. З тэрасы можна палюбавацца возерам Белае, а спусціцца да яго — па спецыяльнай сцежцы, якая вядзе да вадаёма.
На завяршальным этапе знаходзіцца будаўніцтва гасцінічнага комплексу. У адным яго крыле размесцяцца канферэнц-зала і кафэ, у другім — спальны корпус на 50 месцаў. Будуць тут і нумары люкс. Выкарыстоўваць гатовае памяшканне плануецца ў якасці гасцініцы, у тым ліку для турысцкіх груп, якія пажадаюць наведаць наш раён. Пасяліцца тут на час правядзення трэніровачных збораў будуць прапаноўваць і спартсменам усіх узроўняў.
Спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі» ніколі не пустуе. Тут ладзяцца разнастайныя раённыя мерапрыемствы: турзлёты, спартыўныя спаборніцтвы, культурна-забаўляльныя праграмы. А ў апошнія гады комплекс стаў базай для правядзення абласной спартакіяды «Сельскія гульні». Завітайце сюды — не пашкадуеце!
Вераніка Філановіч