Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Важное Общество

Прадаваць і радаваць

Які чэрвень на смак? Думаю, адказ на гэта пытанне будзе прыблізна аднолькавы ва ўсіх. Многія падумаюць пра духмяныя суніцы на лясной палянцы, спелыя клубніцы ў агародзе, разнастайнае зяленіва на градках і першыя грыбы ў кошыках сапраўдных аматараў «ціхага палявання».

Хтосьці з гараджан, магчыма, уздыхне, маўляў, пашчасціла ж вяскоўцам адчуваць усе натуральныя смакі лета на поўную моц! І зробіць гэта дарэмна, бо ўсё вышэйпералічанае можна без усялякіх перашкод купіць на рынку па вуліцы Кастрычніцкай. Варта толькі не заспацца, бо, як пераканалася, тавар з прылаўкаў знікае хутка.

…Нядзеля, 26 чэрвеня, 8 раніцы. На рынку ўжо ажыўлена. Пакуль адны толькі-толькі прыглядаюцца да тавараў, другія ўжо спяшаюцца дадому з пакупкамі. Многія — з клубніцамі, буйнымі, адборнымі, купленымі ў гаспадароў уласных падвор’яў, а не ў прадпрымальнікаў з паўднёвых беларускіх рэгіёнаў.

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Падыходжу да жанчыны, якая выставіла на продаж 3- і 5-літровыя вядзерцы буйных адборных ягад коштам 15 і 25 рублёў адпаведна. Завуць яе Аксана, на рынак прыехала з Хаціл.

 — З-за адсутнасці цяпла ў маі сезон клубніц сёлета распачаўся позна, — распавядала. — Збіраць ураджай са свайго ўчастка яшчэ толькі-толькі пачынаю. Попыт на клубніцы адчуваю: муж толькі паспявае падносіць з машыны нядаўна сабраны «тавар».

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Ахвотна куплялі гараджане і лясныя суніцы. Сярод тых, хто іх прадаваў, быў і 54-гадовы жыхар райцэнтра Мікалай Карасёў.

— Летам мы з жонкай ужо сабралі каля 70 літраў суніц! — уразіў «уловам» суразмоўца. — Бывае, такія ўраджайныя паляны знаходзім, што за 2 гадзіны набіраем 7 літраў ягад! І гэта пры тым, што далёка за горад не едзем. Сіл на зборы, безумоўна, трэба нямала. Але ж я былы вайсковец, вытрымкі не займаць (смяецца — аўт.). Ды і вопыт у ягаднай справе сур’ёзны — гадоў 20, не менш.

У лес еду найперш па асалоду ад зносін з прыродай — душа радуецца ад яе прыгажосці. Ды і грошы не лішнія. Літровы слоік суніц прадаём сёлета па 10-15 рублёў. Што гэта дорага, людзі звычайна не кажуць, бо разумеюць: не з неба ягады сыплюцца. Бывала, увогуле казалі: «За такі лясны скарб і 50 рублёў не шкада аддаць».

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Мікалай Іванавіч збірае не толькі суніцы, але і чарніцы, журавіны, брусніцы. Іх сезон яшчэ наперадзе. А вось грыбы ўжо пайшлі. У гэтым пераконваюся, падыходзячы да гандляркі лісічак.

— Мяне завуць Вераніка Феніна. Я з Пастаў, і мне 28 гадоў, — расказвае самая маладая з усіх гандляроў хатняй і лясной прадукцыяй. — Тут, за прылаўкам, частыя «госці» — мае бацькі, па спадчыне «рамяство» і мне перадалося. Прадаём усю сезонную прадукцыю. Сёння вось прынесла клубніцы. Назбірала і суніц: дзеля гэтага ў лесе была ўжо ў 5 раніцы — такая спёка прыйшла! Пачалі расці ў лесе і лісічкі, праўда, дробныя. Прадаю іх па 10 рублёў за літровы слоік.

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

«Сусед» Веранікі — пастаўчанін Яўгеній Дзявятнікаў — прадаваў мёд. На рынку ён ужо «свой» гадоў з 10.

— Пчол трымаў бацька, — гаварыў мужчына. — Пасля яго смерці не думаў, што змагу працягнуць гэту справу, але паступова ўцягнуўся. Прадаю не толькі мёд, але і пяргу, воск, пропаліс. Звычайна ў 6.30 ужо сяджу тут, на рынку:  займаю месца, раскладваю тавар і чакаю пакупнікоў, сярод якіх нямала пастаянных.

— Не забудзь сказаць, што валёнкі на продаж валіш! Такіх майстроў яшчэ пашукаць трэба! — усміхаецца на развітанне жанчына, якая гандлюе побач.

Первые лесные ягоды и грибы появились на рынке райпо в Поставах

Праходжу ўздоўж радоў. Тут і кветкі, і расада, і зяленіва, і свой­скія яйкі… Затрымліваю погляд на жанчыне, якая прадае зёлкі, у тым ліку лекавыя. Свежая меліса, водарныя рамонкі, сушаная мята, лопух, кіпрэй, кветкі глогу, лугавы клевер… Даведваюся, што пастаўчанка збірае іх ужо шмат гадоў, працягваючы традыцыі продкаў. Але гэта ўжо тэма для іншага артыкула. Праўда, ужо не пра смакі, а пра пахі лета.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.