Корманарыхтоўка стартавала!
З першых чэрвеньскіх дзён усе гаспадаркі раёна прыступілі да сенакашэння.
Згодна з планам, травы першым укосам трэба убраць на 13 500 гектарах. Найбольшыя аб’ёмы — у ААТ «Камайскі-агра» (2 400 га), «Навасёлкі-Лучай» (2 300), «Хацілы-агра» (1 900), «Кураполлеагра» (1 600).
У Навасёлках на касьбе занятыя Ігар Гіль, Андрэй Врублеўскі, Руслан Шымко, Аляксандр Федаронак і Аляксандр Арлоўскі. Уключыліся ў работу і механізатары, якія зграбаюць зялёную масу ў валкі, падбіраюць яе і адвозяць для закладкі ў сянажныя траншэі. Першая з іх закладваецца каля фермы ў Навасёлках.
У палімерную плёнку нарыхтоўваюць сянаж у Кураполлі, Камаях і Дунілавічах.
Вялікую дапамогу гаспадаркам, якія ўваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання, аказваюць работнікі малочнага завода. Валянцін Мамзелеў і Алік Смільгінь косяць травы на палях ААТ «Янавіца-агра», у Дунілавічах на трактары з граблямі працуе Уладзімір Гінько. У полі за Кашыцамі, якое належыць ААТ «Сцяг Перамогі-агра», з 9-метровай касілкай сустрэлі Генадзія Шушкевіча. 3-метровай касіў Віктар Чарняўскі.
— Не паспелі адсеяцца, як прыйшла пара нарыхтоўкі кармоў, — гаварылі механізатары. — Цяпер гэта задача нумар адзін! Мы змянілі плугі, культыватары, сеялкі на касілкі, граблі, прэсы і працягваем працаваць у тым жа напружаным рытме. Разумеем, што ад нас залежаць паказчыкі работы аператараў машыннага даення, даглядчыкаў цялят. Таму і стараемся. Сёлетняя халодная вясна адмоўна адбілася на ўраджайнасці траў — яны слабаватыя. Але спадзяёмся, што цёплае надвор’е, якое зараз усталявалася, паспрыяе росту. Буйная рагатая жывёла на зімова-стойлавы перыяд будзе забяспечана кармамі.
З намі яшчэ працуе Аляксандр Ханяўка. Праўда, яму не пашанцавала: «злавіў» камень і вымушаны рамантаваць касілку.
На будучую зімоўку для грамадскага статка раёна трэба нарыхтаваць 132 700 тон сенажу, 133 600 – сіласу, 8 200 – сена.
Анна Анішкевіч