Фестываль прыжыўся на прыдатнай глебе
ХХХІІ Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» склікае ўдзельнікаў і гасцей. Для нас, пастаўчан, ён асабліва адметны — юбілейны, паколькі праходзіць у нашым горадзе ў 30-ы раз. Пра тое, як свята прыжылося на пастаўскай зямлі і як яно тут развівалася, узгадвае былы намеснік старшыні райвыканкама Ала Кейзік.
— Рэспубліканскае свята пад такой назвай упершыню адбылося ў 1987 годзе ў Магілёве, затым у 1989-м — у Віцебску. А ў пачатку 1992-га ў Міністэрстве культуры Беларусі прапанавалі нашаму райвыканкаму правесці яго ў Паставах. Што і казаць, гонар вялікі, але яшчэ большая — адказнасць. Мы разумелі, колькі сіл і сродкаў спатрэбіцца на падрыхтоўку і правядзенне такога маштабнага мерапрыемства. Параіўшыся з актывам, тагачасны старшыня райвыканкама Васілій Чэпік — а ён быў чалавекам нераўнадушным, дзейсным, падтрымліваў усё новае — даў фестывалю зялёнае святло. Забягаючы наперад, скажу: вельмі сімвалічна, што 30-ы фестываль на нашай зямлі, як і некалькі папярэдніх, будзе вітаць сын Васілія Васільевіча — Сяргей Чэпік, які зараз узначальвае раён.
Аднак вернемся ў 1992-і — першы год пасля развалу СССР. Ён быў вельмі цяжкім. Людзі былі разгубленыя, бо перастала існаваць адзіная вялікая дзяржава, вельмі ўскладнілася эканамічная абстаноўка. А арганізацыя фестывалю патрабавала немалых фінансавых затрат. Міністэрства культуры ўсе расходы ўзяло на сябе. А ў наступныя гады выдзяляліся сродкі з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Неацэнную дапамогу аказвалі і аказваюць зараз сельгасарганізацыі, прамысловыя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі.
Першы фестываль мы агульнымі намаганнямі правялі так годна, што ў Міністэрстве культуры прынялі рашэнне даць яму пастаянную прапіску ў нашым горадзе. Ён стаў вельмі прыцягальным для творцаў не толькі з Беларусі, але і з блізкага і далёкага замежжа. Таму з цягам часу фестывалю прысвоілі статус міжнароднага.
А самае галоўнае, што ў раёне існавала прыдатная глеба для таго, каб свята народнай музыкі нязменна праводзілася ў нас. Пастаўшчына багатая на сапраўдных самародкаў: таленавітых цымбалістаў, гарманістаў, баяністаў, акардэаністаў, музычныя сямейныя дынастыі. Што значыў адзін толькі Груздаўскі народны цымбальны аркестр, які праславіўся не толькі на ўсю Беларусь, але і з крамлёўскай сцэны заявіў пра сябе на поўны голас! Дарэчы, у першым фестывалі ў Паставах груздаўскія цымбалісты занялі 1-е месца. На жаль, усе яны даўно адышлі ў вечнасць. Але эстафету ад іх пераняў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль «Паазер’е». І толькі ў нас захаваліся дыятанічныя цымбалы.
Дзякуючы багаццю народных талентаў і энтузіязму культработнікаў у Паставах у 80—90-я гады кожны чэрвень ладзілася вялікае раённае свята, на якім услаўлялі людзей працы. Такім чынам, мы ўжо мелі вопыт правядзення масавых мерапрыемстваў. Аднак усведамлялі і іншае: каб прымаць мноства ўдзельнікаў і гасцей, трэба адпавядаць высокаму статусу фестывальнай сталіцы. Цяжкасцей хапіла. І ўсё ж шмат было зроблена па добраўпарадкаванні горада, абнаўленні ўстаноў культуры. Такая работа праводзіцца і зараз. У творчасці асаблівую ўвагу звярнулі на стварэнне народных калектываў, пераважна на базе музычных школ і ўстаноў культуры.
29 разоў крочыў па нашай зямлі фестываль. На працягу ўсіх гадоў у склад журы ўваходзілі вядомыя беларускія дзеячы культуры, што яшчэ больш павышала яго статус. Старшынёй і намеснікам былі Міхаіл Казінец і Міхаіл Дрынеўскі. Галоўным рэжысёрам святочных дзей з’яўляўся Уладзімір Таран. Укладвалі душу ў фестываль і іншыя надзвычай таленавітыя, захопленыя народнай творчасцю, адданыя яму прыхільнікі. Іх памяць увекавечана ў памятным знаку «Музычная сталіца Паазер’я» і ў памятнай Алеі знакамітых заснавальнікаў фестывалю, якія будуць урачыста адкрыты ў нядзелю ў гарадскім парку.
А фестывалю — жыць! За гады яго існавання на Пастаўшчыне вырасла цэлая плеяда маладых, творчых, самадзейных музыкантаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, народных майстроў. Сотні калектываў, тысячы ўдзельнікаў прынялі ў ім удзел. Народная музыка жыве, развіваецца, яднае. Кожны год у гэта адметнае, самабытнае свята прыўносіцца штосьці новае, прыцягальнае. Не стане выключэннем і сёлетняе. Не сумняваюся, што фестываль падорыць яго ўдзельнікам, гасцям і ўсім нам, пастаўчанам, найлепшыя эмоцыі.
Запісала Фаіна Касаткіна
Фота з архіва раённага краязнаўчага музея