Гуляйце, госцейкі, гуляйце
Гэтай песняй фальклорны ансамбль «Паазер’е» распачаў музычна-танцавальнае прадстаўленне «Пастаўскі баль». Затым сваё мастацтва і талент па чарзе прэзентавалі ўсе ўдзельнікі фестывалю.
Ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» крануў гледача самабытнай ігрой не толькі на гармоніку, але і на іншых інструментах, падкупіў сваім куражом. Народны гурт вандроўных музыкаў «Фэст» з Баранавічаў пацешыў народнымі танцавальнымі мелодыямі, вясёлымі і жартоўнымі песнямі.
Шмат станоўчых эмоцый падарылі баяніст-віртуоз, дзяўчына з домрай і яркая салістка з унікальным па глыбіні гучання голасам з ансамбля «Алатыр» са Смаленска. А ўдзельніцы ансамбля народнай песні «Журавінка» з Латвіі, у рэпертуары якіх толькі беларускія народныя песні, па-майстэрску перадалі ўсю меладычнасць і напеўнасць беларускай мовы.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь цымбальны аркестр «Першацвет» з Мінска пераканаў, што на цымбалах можна выканаць любую кампазіцыю — ад аперэты да джаза. Самабытнасць кітайскай культуры адлюстравалі музычныя творы і харэаграфічныя кампазіцыі ў выкананні студэнтаў і магістрантаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава з Кітайскай Рэспублікі.
Горача віталі пастаўчане Ірыну Іршонак — ураджэнку Варапаева, а цяпер студэнтку 2 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Многія памятаюць яе яркія выступленні на розных раённых святах. Ірына выканала дзве песні — «Гармонь мая» і «А ты ехаў» — і ўразіла моцным, звонкім голасам.
Цікава было назіраць за публікай — а на плошчы сабраліся тыя, каму блізкія сэрцу народныя мелодыі і напевы. Нехта гучна апладзіраваў, крычаў «брава!», хтосьці падпяваў і прытопваў у такт музыцы. Людзі старэйшага пакалення ўспаміналі маладосць, шумныя вяселлі, хрэсьбіны, праводзіны ў армію, дзе абавязкова гучаў гармонік. Радавалася, калі песню падхоплівалі маладыя людзі, актыўна танцавалі дзеці: значыць, і сёння народныя мелодыі кранаюць сэрцы. А найбольшую ажыўленасць у гледачоў выклікалі галасісты гармонік, звонкія цымбалы і мілагучная скрыпка.
Фото Людмилы Зеленкевич