Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Главное Сельское хозяйство

Сезон вялікага малака

Завадчане, камунальнікі, вадзіцелі грамадскага транспарту, даяркі… Цяжка нават уявіць, колькі людзей прачынаецца «з першымі пеўнямі», каб забяспечыць звыклы камфорт нашага жыцця. Спазаранку пачынаецца працоўны дзень і ў малаказборшчыкаў, якія дастаўляюць пажыўны прадукт з прыватных гаспадарак Пастаўшчыны на мясцовы малаказавод. У нашым раёне іх чацвёра. Пры гэтым адну трэць тэрыторыі абслугоўвае індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Іваноў. Штодзень яго машыны прывозяць на прадпрыемства па 3 тоны малака.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

— У жніўні будзе 12 гадоў, як распачаў гэту справу, — расказваў Сяргей Іваноў.Як кажуць, паспеў ускочыць у апошні вагон: пасля мяне ў гэты бізнес з нашага раёна больш ніхто не прыйшоў. Паспрабаваць сябе ў якасці малаказборшчыка параіў знаёмы, які ў той час сам гэтым займаўся. Падказаў, што прадпрымальнік з Глыбокага мае намер адмовіцца ад казлоўшчынскай зоны і дадаў: «Ідзі, хоць пры капейцы бу­дзеш». Я зацікавіўся, бо трэба забяспечваць вялікую сям’ю — у нас з жонкай шасцёра дзяцей. Так і працую па накатанай, хоць зараз ужо заробкі не тыя, бо колькасць малаказдатчыкаў з кожным годам значна змяншаецца. Зараз на трох зонах, якія я для зручнасці падзяліў на два маршруты, іх 170 чалавек. Столькі ж было, калі толькі пачынаў абслугоўваць першую зону. Ідзе на спад і пагалоўе кароў, якіх трымаюць людзі. Самая малочная вёска — Муляры, але і там сталы ўжо не такія, як раней: на іх можна было вальс танцаваць, зняўшы вёдры і бітоны.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Першыя гады прадпрымальнік сам збіраў малако па вёсках. А калі бізнес пачаў расшырацца, спачатку наняў аднаго вадзіцеля, а потым, пасля далучэння трэцяй зоны, — і другога. Адзін бы не справіўся, сцвярджае суразмоўца, і ўспамінае, што нярэдка даводзілася класціся спаць апоўначы, а ў чатыры раніцы ўжо быць на нагах, каб своечасова даставіць малако на завод. А трэба ж яшчэ кожныя 10 дзён рабіць людзям налічэнні за здадзенае малако… Вырашыў, што так доўга не працягне. Тады і адышоў непасрэдна ад збору малака і пераключыўся на вядзенне бухгалтэрыі, рамонт малакавозаў, у тым ліку выязных (бывае, тэхніка псуецца прама на маршруце), пошук неабходных запчастак, арганізацыю працэсу.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

— Дык што, і не сфатаграфую вас на маршруце? — удакладняю. — Патрэбен «гаворачы» здымак.

— Калі-нікалі падмяняю вадзіцеляў, але ў найбліжэйшы час выязджаць па маршруце не збіраюся, — адказвае. — Фатаграфуйце аднаго з іх. Напрыклад, Сяргея Жылінскага. Ад’езд — у 5.50 са стаянкі недалёка ад «Суседзяў». Не перадумаеце?

Было б запрашэнне — за раёнкай не заржавее. Ужо наступнай раніцай шукаю на Юбілейнай сярод бясконцых радоў прыпаркаваных машын патрэбную. Не заўважыць малакавоз з дзвюма пафарбаванымі ў жоўты колер цыстэрнамі немагчыма. Неўзабаве крочыць да прыкметнай тэхнікі і вадзіцель. «А я думаў, начальнік пажартаваў, — усё ж такі здзіўляецца вадзіцель. — Выходзіць, што не. Тады ад’язджаем!»

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Па дарозе распытваю пра работу, маршрут, ці многа малака здаюць вяскоўцы, якой яно тлустасці, ці можна чалавеку на ім зарабіць.

— Летам якраз пачынаецца сезон вялікага малака: каровы к гэтаму часу ўжо ацяліліся, выйшлі на зялёную траву, — тлумачыць Сяргей Жылінскі. — Удоі высокія, але тлустасць малака ніжэйшая, чым зімой. Пры ўмове, што яна 3,6%, за літр выходзіць 90 капеек. Што да аб’ёмаў, то здаюць і па 2 літры, і па 200.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Вось і першы прыпынак — у Дварчанах. На драўляным стале стаіць некалькі вёдзер, але 2 гаспадыні спяшаюцца паднесці да яго новы, даверху напоўнены малаком посуд. «Не ўправіліся, бо мы прыехалі крыху раней», — тлумачыць вадзіцель. Давялося пачакаць некалькі хвілін і ў адной з суседніх вёсак. «Даруйце, праспала», — просіць прабачэння жанчына, выносячы з хаты поўныя 2 вядры. Больш замінак па дарозе няма: куды ні пад’язджаем — усюды на сталах выстаўлены падпісаныя вёдры і бітоны. Дзе-нідзе чакаюць малаказдатчыкі. Адны — каб адразу забраць пустую тару, пагаварыць з суседзямі, пажартаваць з вадзіцелем, іншыя — дапамагчы яму падняць цяжкія ёмістасці. А дзесьці «пільнуюць» каштоўны тавар і вусатыя «малаказдатчыкі» — каты.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Мягуны, Янковічы, Сакуны, Дварчаны, Оцкавічы, Камаі… Ля адных сталоў даводзіцца затрымацца, каб пераліць у цыстэрну ўсё малако, ля іншых, дзе па два-тры вядры, не затрымліваемся і на хвіліну. Спрактыкаваны за 6 гадоў працы Сяргей Жылінскі літаральна круціцца на адной пяце: час марнаваць нельга, асабліва летам, бо малако можа скіснуць, і тады яго не прымуць на малаказаводзе. Давядзецца развозіць назад гаспадарам, якія, нягледзячы на старанні, застануцца ні з чым. Развернуць на прадпрыемстве малакавоз і тады, калі ў малацэ знойдуць антыбіётык. І хоць зараз людзі ўжо навучаныя і не здаюць малако, калі колюць лякарства рагулям, такія выпадкі ўсё ж здараюцца. Прычына, як даведалася пазней, — у мазях і крэмах, якімі вяскоўцы змазваюць жывёле саскі вымя, каб тыя не трэскаліся. Але ў такім выпадку найлепш скарыстацца правераным сродкам — нутраным тлушчам, як гэта рабілі нашы продкі. Ім жа, каб не было сюрпрызаў, неабходна змазваць і ўласныя рукі. Будзеце здзіўленыя, але для гэтай мэты не прыгодны нават мёд — ён таксама пакажа ўтрыманне антыбіётыку ў малацэ.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Яшчэ адна праблема — «хімікі». Так малаказборшчыкі называюць тых, хто час ад часу імкнецца іх перахітрыць і здымае вяршкі з малака альбо ўвогуле разбаўляе яго вадой. Пры гэтым усе, як адзін, божацца: «Ну што вы! Я тварог, смятану, масла ў магазіне купляю, а ўсё малако здаю». Тады пачынаецца доўгае «следства» з прымяненнем тэстаў, і вінаватага ўсё адно знойдуць і, жартуючы, параяць: «Скажыце сваёй карове: няхай выпраўляецца». Такіх авантурыстаў каля 5%. Але з-за іх эксперыментаў вымушаны пакутаваць усе: калі працэнт вады ў агульным малацэ перавышае норму, яго завод таксама не прымае.

Ежедневно машины ИП Сергея Иванова привозят на молокозавод по 3 тонны молока

Але асноўная большасць — лю­дзі добрасумленныя. І надзвычай працавітыя. Як мне і было абяцана, малочныя «рэкі» ўбачыла ў Мулярах. На адным са сталоў стаяла пяць 40-літровых ёмістасцей, па-суседстве гаспадары здалі 105 літраў. Усяго ў вёсцы каля 70 галоў дойнага статка.

— Гадоў сорак назад было больш за 130, — кажуць мне Святлана Букатава, Алена Карпіёнак і Галіна Тарасевіч, якія чакаюць сваю тару. — Былі малыя дзеці — трымалі па 2-3 каровы, самі нарыхтоўвалі сена. І нічога, спраўляліся! Зараз у кожнай — па адной кароўцы. А як без яе? Сядзець цэлы дзень у хаце і гля­дзець тэлевізар? Ды і пагоніш у поле альбо вёдры забіраеш, то з людзьмі сустрэнешся, пагаворыш. Сёння ў выпускнікоў пачаліся экзамены, дык мы свае школьныя гады ўзгадвалі, успаміналі, якія кнігі любілі чытаць.

Апошні прыпынак — зноў Дварчаны. На стале стаіць двухлітровы слоік з малаком. Вадзіцель хуценька вылівае яго ў цыстэрну і мчыць на малаказавод. Яшчэ няма і 10 гадзін, а мы ўжо каля шлагбаўма прадпрыемства з 1,7 тоны малака…

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.