Крывічанін Яўгеній Сяргеевіч — дырэктар КПУП «Пастаўская друкарня»
Нарадзіўся 7 красавіка 1994 года ў вёсцы Гліннае Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Сярэднеспецыяльную адукацыю па спецыяльнасці «Інструментальнае выканальніцтва (інструменты народнага аркестра), баян» атрымаў у Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы. Прадоўжыў навучанне ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, які скончыў у 2017 годзе па спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія».
Першым і да нядаўняга часу адзіным месцам работы Яўгенія была Докшыцкая дзіцячая школа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага, дзе з 2013 года ён працаваў настаўнікам па класе баяна і канцэртмайстрам.
1 чэрвеня бягучага года загадам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама па ўзгадненні з Пастаўскім райвыканкамам Яўгеній Крывічанін назначаны дырэктарам камунальнага паліграфічнага ўнітарнага прадпрыемства «Пастаўская друкарня».
— Асноўная задача друкарні — выраб якаснай, сучаснай рэкламнай прадукцыі, якая б адпавядала патрабаванням заказчыкаў, — дзяліўся планамі работы на новай пасадзе Яўгеній Крывічанін. — Запрашаю арганізацыі, прадпрыемствы і індывідуальных прадпрымальнікаў да супрацоўніцтва на доўгатэрміновай дагаварной аснове. Для пастаянных кліентаў прадугледжаны скідкі. Пастаўская друкарня — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці з добрымі працоўнымі традыцыямі, высокакваліфікаваным калектывам. Таму задача, лічу, рэальная. Будзем працаваць.