День медицинского работника: фармацевт Александра Шаклюцкая

Важное Здравоохранение

Кампетэнтная, камунікабельная

Так характарызуюць наведвальнікі аптэкі №234 яе загадчыцу — фармацэўта Аляксандру Шаклюцкую.

Два гады таму ў аптэцы, размешчанай на рынку «Гарызонт», стала працаваць малады фармацэўт. Адразу новага спецыяліста наведвальнікі прынялі з недаверам.

— Да маёй вопытнай калегі выстройвалася чарга, а да мяне падыходзілі з насцярожанасцю, — успамінала Аляксандра Шаклюцкая. — Я ж старалася даходліва адказваць на ўсе пытанні кліентаў, цярпліва давала тлумачэнні па прымяненні таго ці іншага лякарства. А тыя, што стаялі ў чарзе, прыслухоўваліся і, напэўна, ацэньвалі мае глыбокія веды. З часам і ў мяне з’явіліся пастаянныя пакупнікі. Шмат іх бывае ў выхадныя дні, калі лю­дзі прыязджаюць на рынак і заглядваюць у аптэку.

День медицинского работника: фармацевт Александра Шаклюцкая

Аляксандра Шаклюцкая — пастаўчанка, выхоўвалася ў сям’і педагогаў, а марыла пра медыцыну. Паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж на фармацэўта. Падчас вучобы ў выбранай прафесіі не расчаравалася: ёй усё было цікава. Па размеркаванні прыехала ў родны горад і стала студэнткай завочнага аддзялення факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.

— Сітуацыі здараюцца розныя, — гаварыла дзяўчына. — Наведвальнікі аптэкі — нярэдка людзі пажылыя, якія патрабуюць да сябе асаблівай увагі. Каб кожны пакідаў яе задаволеным, мала добра ведаць назвы лекаў і інструкцыі па іх прымяненні, трэба таксама быць добрым псіхолагам. Пры падборы неабходных прэпаратаў мы, фармацэўты, як і ўсе медработнікі, кіруемся прынцыпам « Не нашкодзь!»

Аляксандра прывяла выпадкі, з якімі даводзіцца сутыкацца. Найчасцей людзі пытаюцца, чым вылечыць тое ці іншае захворванне. Такіх наведвальнікаў малады фармацэўт пераконвае, што толькі доктар можа паста­віць правільны дыягназ, назначыць адпаведнае лячэнне. Многія забываюць назву лякарства, называюць асобныя літары. І каб яго знайсці, прыходзіцца задаваць пытанні наконт сімптомаў хваробы, якога колеру была ўпакоўка. Некаторыя прыходзяць у аптэку, каб выгаварыцца, падзяліцца набалелым.

— За ўвесь час я ні разу не пашкадавала, што выбрала прафесію фармацэўта, — сцвярджала Аляксандра. — Мне падабаецца працаваць з людзьмі: аказ­ваць ім дапамогу ў рамках сваёй кампетэнцыі, расказваць пра асаблівасці прыёму лякарстваў, падказваць, што лепш выбраць. Вельмі прыемна чуць словы ўдзяч­насці за работу. А я ў сваю чаргу ўдзячная адміністрацыі цэнтральнай аптэкі №87 Пастаўскага раёна першай катэгорыі за тое, што даверыла мне такую адказную пасаду, за падтрымку і дапамогу на працягу двух гадоў працы.

Фармацэўту заўсёды трэба быць надзвычай уважлівым, бо ад гэтага залежыць здароўе людзей. Працаваць прыходзіцца з вялікай колькасцю лекавых прэпаратаў. І хоць сучасныя тэхналогіі дапамагаюць хутка адшукаць неабходную інфармацыю, у галаве трэба тры­маць мноства назваў і дыягназаў. Аляксандра Шаклюцкая выдатна ведае асартымент тавараў. Калі неабходнага прэпарата няма ў наяўнасці, прапануе замену. Пакупнікоў прыцягвае як яе кампетэнтнасць, так і добразычлівасць, камунікабельнасць.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.