Майстр-клас ад фаварыта
ФСК «Паставы»–«Велес-2020» (Віцебск) – 0:12
Гэтага матча пастаўчане чакалі з трывогай, бо іх сапернік — каманда «Велес» з абласнога цэнтра — адна з самых моцных. Да таго ж ёй кіруе найвопытнейшы спецыяліст Вячаслаў Акшаеў, а ў складзе каманды гуляе шэраг ігракоў з вышэйшай лігі. Трэніруюцца віцябчане на прафесійным узроўні пяць разоў на тыдзень. У сваім штаце маюць нават спецтрэнера па фізпадрыхтоўцы і відэааператара.
У пастаўчан, на жаль, адсутнічаў асноўны варатар Андрэй Чашун. На апошнім рубяжы яго замяніў абаронца Павел Пучынскі.
З першых хвілін матча сапернік арганізаваў шчыльны прэсінг па ўсім полі. Пастаўчане сталі прайграваць большасць адзінаборстваў. У іх перастаў затрымлівацца мяч. І ў выніку віцябчане трывала завалодалі ініцыятывай: рэгулярна праводзілі хуткія камбінацыі, разрывалі абарончыя рэдуты нашых і двойчы вызначыліся. Пры ліку 0:2 наш цэнтрфорвард Герман Чалей нядрэнна пракінуў мяч сабе на ход, але яго апякун заблакіраваў удар. Да перапынку пастаўчане прапусцілі мяч яшчэ двойчы.
Пераламаць ход паядынку нашай камандзе не ўдалося і ў другім тайме: сапернік стаў гуляць яшчэ энергічней. І пастаўчане толькі лічаныя разы прабіваліся да чужых варот, але стварыць галявых момантаў не змаглі. «Велес» поўнасцю дамінаваў на полі і дабіўся чарговай пераканаўчай перамогі.
Моцнаму саперніку саступілі Пучынскі, Гарнадуд (Алейнікаў), Рогач, Голубеў, Касенка (Пурлан), Каралёнак (Звяруга), Якаўлеў (М. Зелянкевіч), Павініч (Дзеўгуць), Ясюковіч (Цыунель), Вілейта (к, Давідоўскі), Чалей.
У гэтым туры пакуль згуляны ўсяго адзін матч з-за ўдзелу трох каманд у кубкавым турніры. ФК «Лепель» дабіўся перамогі (4:2) на выездзе ў Сянно. У 1/16 розыгрышу Кубка Беларусі прабіўся віцебскі «Газавік», які на чужым полі абыграў (2:0) «Адзінства» (Дзяржынск). Выбылі з кубкавага розыгрышу ФК «Міёры» і «Полацк-2019», якія прайгралі (0:3 і 0:9) сапернікам з Магілёва і Рагачова.
Наша каманда з шасцю ачкамі засталася на 3-м месцы ў турнірнай табліцы. Заўтра яна згуляе на выездзе ў Оршы, а яшчэ праз тыдзень — дома з полацкай камандай.
Р.S. Як паведаміў на сустрэчы з нашай камандай Сяргей Чэпік, у яе з’явіўся тытульны спонсар — ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі». Ён, дарэчы, ужо набыў для ігракоў новую форму.
Уладзімір Шык