Трэць турніру пройдзена
ФСК «Паставы»–«Гарадскія львы» (Гарадок) – 3:2
Непрыкметна каманды-ўдзельніцы дывізіёна «Віцебскі» 2-й лігі пераадолелі трэць турнірнай дыстанцыі. У гэтай сустрэчы гуляць было няпроста з-за невыноснай спёкі.
У самым пачатку сапернік правёў шэраг вострых атак, падаў два небяспечныя вуглавыя ўдары. Пастаўчане пасля імклівага праходу Яўгена Ясюковіча маглі адкрыць лік на 10-й хвіліне, але, на жаль, яго ўдар быў недакладным. Менш чым праз хвіліну цэнтрфорвард «Гарадскіх ільвоў» Назар Іваноў двойчы вызначыўся пасля памылак сваіх апекуноў — 0:2. Да перапынку нашы адыграліся намаганнямі свайго цэнтральнага нападаючага Германа Чаляя. На 30-й хвіліне ён без перашкод выйшаў на вароты саперніка і тэхнічна перакінуў мяч праз варатара — 1:2. Свой шосты гол у чэмпіянаце краіны Герман бездакорна правёў напрыканцы першага тайма з пенальці, прызначанага за зрыў вострай атакі.
У другім тайме каманды гулялі асцярожна, найчасцей камбінавалі ў цэнтры поля. На 52-й хвіліне нашы правялі імклівую фланговую атаку: на хуткасці ў штрафную пляцоўку ўварваўся 19-гадовы паўабаронца Рыгор Кабяк і трапна ўдарыў — 3:2.
Гарадокцы прыехалі ў Паставы без запасных. Да іх гонару, з апошніх сіл у канцоўцы яны арганізавалі сапраўдны штурм. Двойчы было вельмі небяспечна ля варот пастаўчан. Але ўвесь матч надзейна гуляў наш варатар Андрэй Чашун.
Перад фінальным свістком у складзе каманды сапернікаў быў выдалены вядучы ігрок, траўму нагі атрымаў іх варатар, які перад гэтым тройчы згуляў бліскуча і не дазволіў пастаўчанам перамагчы больш пераканаўча.
Завяршыўся матч бурнымі апладысментамі. Гледачы выбеглі на поле і падзякавалі за валявую перамогу Чашуну, Якаўлеву (Гарнадуду), Голубеву, Рогачу, Касенку, Каралёнку, Павінічу, Кабяку (Звяругу), Ясюковічу (Дзеўгуцю), Вілейту (к, М. Зелянкевічу), Чаляю.
У чарговым туры зноў вызначыўся дуэт лідараў з абласнога цэнтра: ФК «Лепель»—«Велес-2020» (Віцебск) — 1:5, «Газавік» (Віцебск)—«Полацк-2019» — 4:3. ФК «Сянно» на сваім полі быў разгромлены міёрцамі з лікам 0:6, а аршанцы на выездзе перамаглі (0:2) талачынскую «Ніву».
У актыве пастаўчан — 10 набраных ачкоў, яшчэ з дзвюма камандамі яны дзеляць 4—6-е месцы ў турнірнай табліцы. Трэцяга ліпеня ФСК «Паставы» памераецца дома сіламі з сенненцамі, а затым паедзе ў Віцебск» на матч з дзеючым чэмпіёнам вобласці — «Газавіком».
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя