Баявая нічыя
ФСК «Паставы» – ФК «Полацк-2019» – 1:1
Нядзельны матч у Паставах завяршаў гульнявую праграму 5-га тура. Выходзячы на важную сустрэчу з палачанамі, нашы ўжо ведалі вынікі чатырох папярэдніх паядынкаў. У першынстве змяніўся лідар. Дзеючы чэмпіён вобласці — віцебскі «Газавік» — атрымаў пераканаўчую перамогу (3:0) над землякамі з «Велеса» і ўзначаліў турнірную табліцу. Астатнія паядынкі прайшлі ва ўпартай барацьбе і прынеслі такія вынікі: «Ніва» (Талачын) — ФК «Лепель» — 0:2, ФК «ДЮСШ-Орша» — ФК «Сянно» — 2:0, ФК «Міёры» — «Гарадскія львы» (Гарадок) — 3:3.
На чарговую сустрэчу нашы выйшлі з добрым настроем, у новай прыгожай форме, якую набыў камандзе яе тытульны спонсар — ТАА «Мясакамбінат Пастаўскі». Шматлікія гледачы на гарадскім стадыёне сталі сведкамі вельмі цікавага супрацьстаяння, якое трымала ў напружанні да самага фінальнага свістка. Яшчэ больш чалавек назіралі за матчам у прамой трансляцыі ў інтэрнэце.
У пастаўчан з-за траўм адсутнічалі два асноўныя ігракі. Спачатку каманды змагаліся за ініцыятыву ў цэнтры поля. Лік адкрылі палачане на 11-й хвіліне. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў другой палове сустрэчы. Нашы паступова завалодалі гульнявой перавагай. Іх не засмуціла рашэнне суддзі з Наваполацка не прызначаць пенальці пасля таго, як з мячом згуляў рукой у сваёй штрафной абаронца палачан. Барацьба пайшла на сустрэчных курсах. Госці адказалі некалькімі вострымі контратакамі, але на вышыні быў наш варатар Андрэй Чашун. Націск пастаўчан яшчэ павялічыўся, і неўзабаве левы атакуючы паўабаронца Яўген Ясюковіч скарыстаўся пазіцыйнай памылкай свайго апекуна. На хуткасці ён уварваўся на варатарскую пляцоўку саперніка і з вострага вугла накіраваў мяч у сетку — 1:1.
Праз некалькі хвілін нашы былі ўжо наперадзе, але судзейская брыгада не залічыла гэты гол у даволі спрэчнай сітуацыі. Абедзьве каманды з апошніх сіл змагаліся за перамогу. У крайне нервовай канцоўцы сваё майстэрства прадэманстравалі абодва варатары. Нашы былі бліжэй да поспеху, але вырваць перамогу дома, як летась, у іх не атрымалася. Баявога нічыйнага выніку дабіліся Чашун, Гарнадуд, Голубеў, Рогач, Якаўлеў, Пучынскі (Звяруга), Каралёнак,
М. Зелянкевіч (Давідоўскі), Ясюковіч, Вілейта (к), Чалей. У актыве пастаўчан стала 7 набраных ачкоў. Яны з яшчэ трыма камандамі з Гарадка, Міёр і Оршы дзеляць 3-6 прамежкавыя месцы. Нашых цяпер чакае выязны паядынак з ФК «Міёры», а два наступныя матчы яны згуляюць на родным стадыёне.
Уладзімір Шык