Толькі б цанілі тое, што маюць
Да Ганны Васюк у вёску Чорнае Варапаеўскага сельсавета я прыехала на наступны пасля свята Перамогі дзень. На стале стаяў букет яркіх цюльпанаў, ля яго — віншавальная паштоўка. Чытаю тэкст на ёй: «Паважаная Ганна Баляславаўна! Прыміце самыя цёплыя, шчырыя віншаванні з Днём Перамогі! 9 Мая — свята асаблівае, гонар, павага, удзячнасць пакаленню пераможцаў. Гэта святая дата дарагая ўсім жыхарам краіны як сімвал народнага адзінства. Жадаю вам моцнага здароўя, міру і доўгіх гадоў жыцця». Пад ім подпіс: «Старшыня Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік».
— Мама зусім не спадзявалася атрымаць такое віншаванне, — кажа мне яе дачка Глафіра Пяткоўская. — Справа ў тым, што яна толькі мінулай восенню пераехала да мяне, а да гэтага ўвесь час жыла ў Шаркаўшчынскім раёне. Таму ёй, былому малалетняму вязню фашызму, асабліва прыемная ўвага ад кіраўніка раёна, а Дзень Перамогі быў і застаецца найвялікшым святам.
Ганна Баляславаўна (у дзявоцтве Камянецкая) перажыла вайну і ведае цану міру. «Калі немцы сталі паліць суседнія з нашай Тузбіцай вёскі, бацькі і я з братам схаваліся ў лесе, — расказвала жанчына. — Але колькі можна там прасядзець без ежы? Застаўся толькі брат Валодзя, а мы вярнуліся назад. Маці развяла цеста, каб спячы хлеб, засеклі гусей — хацелі прыгатаваць ежу і перадаць Валодзю. Але ў Тузбіцу наляцелі акупанты. Вёску спалілі, забралі ўсё, што людзі мелі на падвор’ях, а нас пагналі на станцыю ў Варапаева. Там, нібыта скаціну, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі ў Германію».
Дзяўчынцы споўнілася ўсяго 12, а яна вымушана была працаваць на адным з берлінскіх заводаў, дзе выраблялі металічныя дэталі. «Якія ж мы ўсе там былі — скура ды косці, — узгадвае былы малалетні вязень. — Твары шэрыя, жоўтыя, жываты з голаду паўздуваліся, бо кармілі нас турнэпсам, бульбяным шалупіннем, хлеба давалі ўсяго 150 грамаў у суткі. А якога страху нацярпеліся падчас бамбёжак! Аднак голад перасільваў нават страх, бо, бывала, пры налёце авіяцыі беглі не ў сховішча, а да найбліжэйшых дач, каб ухапіць хоць які-небудзь яблык і з’есці».
Калі завод і баракі разбамбілі, вязняў адправілі ў іншыя месцы. Сям’я Камянецкіх парабкавала ў баўэра. Зноў паднявольная праца, але, як заўважыла Баляславаўна, можна было хоць сырой капусты крадком з’есці. Пасля вяртання на Радзіму галадалі таксама, бо ўсё было знішчана. Абжываліся на голым месцы, у курнай зямлянцы. Даводзілася жабраваць. Маці хадзіла па вёсках, збірала па людзях па жмені жыта, пшаніцы, ячменю. Зерне малолі, да мукі дабаўлялі льняную мякіну і замешвалі цеста. Хто-небудзь з сучаснікаў можа ўявіць смак таго печыва?! Як і смак варыва з крапівы, лебяды, шніткі? А Ганна Васюк не забудзе яго ніколі. І ні адзін прадукт не стане для яе смачнейшым за хлеб, якога так не хапала ў фашысцкай няволі і ў пасляваенныя гады.
Не забудзе яна і тое, як яе маці кожны раз, кладучыся спаць, малілася і прасіла Бога аб вяртанні сына. Валодзя, які хаваўся ў лесе і тым самым выратаваўся ад адпраўкі ў Германію, потым пайшоў на фронт і прапаў без вестак. Маці верыла, што ён жывы, і ўсё жыццё чакала. Ды дарэмна. А будучы муж Ганны Іван вярнуўся з фронту цяжка параненым, і ўжо больш за 20 гадоў яго няма ў жывых.
Самой Ганне Баляславаўне 92. На свае гады выглядае цудоўна. А вось здароўя не мае: садзіцца зрок, вельмі баляць ногі. Больш за 40 гадоў адпрацавала даяркай. Праўленне калгаса неаднаразова адзначала яе старанне: узнагароджвала граматамі, падзякамі, прэміямі. «А зараз пры дачцэ паную, — казала. — Сплю, колькі хачу, ем, што пажадаю, цешуся з унукаў і праўнукаў, якіх у мяне васьмёра». «У мамы ўжо нават прапраўнук ёсць, — дадае дачка Глафіра. — У верасні Мацвейку споўніцца 2 гады. Вось як разгалінавалася дрэва жыцця».
Галоўнае, каб яно разрасталася пад мірным небам, а новыя пакаленні памяталі пра тое, што давялося перажыць іх дзядам-прадзедам, умелі параўнаць былы і цяперашні час, цанілі ўсё, што маюць.
Тэкст і фота Фаіны Касаткінай