Уладары сяла сустрэнуцца ў Верхнядзвінску
21 чэрвеня ў Верхнядзвінскім раёне пройдзе абласны тур праекта «Уладар сяла». Наш раён на ім будуць прадстаўляць Андрэй і Кацярына Каралёнкі з Валкоўскага сельсавета. Напярэдадні карэспандэнт «ПК» пагутарыла з канкурсантамі.
Андрэй і Кацярына з’явіліся на свет у радзільным аддзяленні Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў сакавіку 1995 года з розніцай у 4 дні. Таму дапускаюць, што іх знаёмства адбылося адразу пасля нараджэння. Праз 24 гады Каця выпадкова зайшла на старонку Андрэя ў сацыяльных сетках. Завязалася перапіска, а неўзабаве хлопец паклікаў на спатканне. Пачуцці выпрабоўвалі больш за год і ўрэшце згулялі вяселле.
Андрэй — майстар-выратавальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Каця да нараджэння сыночка Яраслава, якому ў маі споўніўся год, працавала ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пастаўскім раёне.
— Сям’ю стварылі ў горадзе, але нас абаіх цягне ў вёску, — расказвала Кацярына. — Мае бацькі жывуць у Хрыстове Валкоўскага сельсавета. Там я вырасла. Закончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і магла б застацца ў абласным цэнтры. Але мне бліжэй родныя мясціны. Пакуль уласнага жылля не маем, таму жывём то ў бацькоў Андрэя ў 5 гарадку, то ў маіх.
І ўсё ж больш часу маладая сям’я праводзіць у Хрыстове. Падабаюцца прырода і чыстае паветра. Каця любіць пакапацца на градках і даглядаць хатнюю жыўнасць. Андрэй хоць і гараджанін, але не беларучка. Акрамя Хрыстова, часта бывае ў бабулі ў Крутках. Можа выканаць любую вясковую работу, удала ўпраўляецца з касой і сякерай. Таму заданні на праекце «Уладар сяла» Каралёнкаў асабліва не палохаюць.
У аналагічным конкурсе раённага ўзроўню яны ўдзельнічалі два разы. Праўда, праводзіўся ён анлайн. А ў Верхнядзвінску давядзецца дэманстраваць сваё майстэрства ўжывую. Канешне, хвалююцца, але спадзяюцца, што годна прадставяць свой раён.
Андрэй захапляецца спортам. Каця мае здольнасці да кулінарнай справы, вырабу розных цацак, шкатулак, вязання. Цяпер разам яны дэталёва прадумваюць апошнія дэталі падрыхтоўкі. Пажадаем маладым уладарам сяла поспехаў на конкурсе.
Анна Анішкевіч