Чарговы поспех Руслана Жытковіча
У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, 22 мая адбыўся Х Віцебскі шахматны тэмпа-турнір, прысвечаны памяці нашага земляка Аляксандра Казарскага (ён родам з Дуброўна, легендарны афіцэр-марак, герой руска-турэцкай вайны 1828—1829 гг., капітан 1-га рангу, камандзір брыга «Меркурый»). Арганізаваў спаборніцтвы Віцебскі абласны савет Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў сумесна з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама.
У стартавы пратакол спаборніцтваў было занесена ажно 113 прозвішчаў шахматыстаў, у тым ліку 34 — з рэйтынгам вышэйшым за 2 000 балаў. Яны абаранялі гонар гарадоў і райцэнтраў: Мінска, Смаленска, Ельні, Віцебска, Полацка, Оршы, Пастаў, Наваполацка, Жодзіна, Барысава, Талачына, Дуброўна, Бешанковіч, Ушач… Прыемна, што ў гэтым знакавым турніры прымалі ўдзел 4 шахматысты нашага раёна: дзеючы чэмпіён Пастаўскага раёна 2022 года, сталічны студэнт Руслан Жытковіч, ветэран шахмат Авенір Чырванец, сталічны хірург Андрэй Паўлаў і Станіслаў Цыбульскі (Пастаўскі малочны завод). Нашы шахматысты згулялі годна і прымусілі ў некаторых партыях капітуляваць больш рэйтынгавых сапернікаў.
Адной з самых драматычных партый турніру стала гульня міжнароднага гросмайстра Рахіль Эйдэльсон супраць нашага чэмпіёна Р. Жытковіча. Трэба адзначыць, што вопытная 10-кратная чэмпіёнка Беларусі па шахматах сярод жанчын недаацаніла здольнасцей свайго саперніка. У пачатку страціла якасць гульні, а пасля экватара спаборніцтваў прапанавала нічыю. Руслан яе адмовіў, бо гуляў на перамогу. Для рэалізацыі гэтай мэты ў канцоўцы не хапіла часу і прыйшлося прызнаць паражэнне. Пасля гульні Рахіль Саламонаўна не шкадавала цёплых слоў у адрас маладога пастаўчаніна і адзначыла, што ў яго вялікае шахматнае будучае.
Яе словы пацвердзіла і наступная гульня Руслана супраць чэмпіёна Еўропы (да 16 гадоў) мінчаніна Максіма Царука. Хоць выйграць не ўдалося, але згуляў годна. Усяго ён атрымаў 4 перамогі, у тым ліку над вопытным шахматыстам Рыгорам Пагасянам са Смаленскай вобласці. У выніку Руслан Жытковіч заняў 3-е месца сярод сельскіх шахматыстаў і саступіў пераможцу Андрэю Каранькову (Талачын) усяго паўачка. Ён адзначаны медалём, дыпломам і прызам. Па 4,5 ачка набралі А. Паўлаў, С. Цыбульскі, А. Чырванец, якія раздзялілі 9—16-е месцы сярод 32-х сельскіх шахматыстаў. Для такога прадстаўнічага турніру вынік нядрэнны.
Юрый Катовіч