Перазалужылі і накасілі
Паспяховая корманарыхтоўка — гэта сытная зімоўка. У ААТ «Кураполле-агра» ўборка траў з першага ўкосу, згодна з планам, набліжаецца да завяршэння. Але зялёнае жніво будзе працягвацца.
У гаспадарцы ўтрымліваецца больш за 5 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Каб забяспечыць яе кармамі на будучую зімоўку, пра багаты травастой тут думаюць загадзя: для павышэння бялковай каштоўнасці кармоў удасканальваюць відавы склад траў на пашы і лугапашавых угоддзях, кожны год праводзяць іх перазалужэнне. Мінулай восенню гэту работу правялі на 1 600 гектарах, сёлетняй вясной — на 1 400. Травы на перазалужаных участках урадзілі добра, асабліва густой сёлета вырасла канюшына. У гэтым упэўнілася, пабываўшы на палях, дзе ідзе корманарыхтоўка.
У ноч на панядзелак на Курапольшчыне прайшоў моцны дождж. З кіраўніком мясцовай гаспадаркі Васіліем Касцянём едзем палявой дарогай за Васіліны. Дырэктарскую «Ніву» круціць па гразі, а Васілій Уладзіміравіч трывожыцца, што тэхніцы, якая занята транспарціроўкай зялёнай масы з поля да сянажнай траншэі, напэўна, прыйдзецца пабуксаваць.
Механізатары Іван Гурзан і Анатолій Шваякоў на КВК падбіраюць пажыўную масу і ссыпаюць яе ў прычэпы трактароў. На адвозцы задзейнічаны Анатолій Чарвінскі, Павел Болт, Валерый Станюш, Уладзімір Шымковіч, Максім Адынец. Яны падстройваюцца пад рух камбайна і едуць з аднолькавай з ім хуткасцю на вызначанай адлегласці. Пастаянна сочаць, каб здробненая трава не перасыпалася праз барты.
Для пажарнай бяспекі ў полі на трактары з напоўненай вадой бочкай дзяжурыць Анатолій Чарэнка. Здараецца, што зялёнай масай забіваецца жняярка камбайна для падбору травы, і тады прыходзіцца яе прамываць.
— Завяршым закладку сенажу каля фермы ў Васілінах і пераедзем у Рымкі, — расказваў Васілій Касцень. — Траншэю будзем закладваць у Бельках. З касілкай рупіцца Юрый Усовіч. Каб забяспечыць фронт работ іншай корманарыхтоўчай тэхніцы, Юра ў полі ўвесь светлавы дзень. Працавітасці яму не пазычаць, трактар новы, як і 9-метровая касілка. Яе набылі па лізінгу. Першапачатковы ўзнос зрабіў Пастаўскі малочны завод, а мы будзем выплачваць рэшту. На касьбе траў працуюць таксама Мікалай Адынец і Уладзіслаў Дзідовіч. Да выхадных дапамагалі механізатары з малочнага завода: у полі быў іх «Ягуар» і некалькі адзінак тэхнікі на адвозцы.
Ля Рымак канюшына густая. Моцны дождж месцамі пакруціў яе, таму і косіцца марудней. Скошаныя травы зграбаюць у валкі Генадзій Кухальскі, Вячаслаў Барадай і Васілій Корнышаў.
На трамбоўцы зялёнай масы заняты Станіслаў Лапушынскі, Аляксандр Бондар і Валерый Баравік. Ноччу трамбуе Дзяніс Курто. Нарыхтоўкай самага карыснага корму — сенажу ў стрэйч-плёнку — ужо шмат гадоў нязменна займаецца Аляксандр Яначкін.
Механізатары, занятыя на корманарыхтоўцы, забяспечваюцца гарачымі абедамі. Іх у мясцовай сталовай гатуюць Жанна Мацкевіч і Таццяна Пудэнка. У поле дастаўляе вадзіцель Васілій Бароўка.
Па стане на 21 чэрвеня ў ААТ «Кураполле-агра» травы першым укосам убраны на 90% планавай плошчы. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 5,51 цэнтнера кармавой адзінкі, што на 0,93 ц. к. адз. больш мінулагодняга. Каб жывёла атрымала кармы высокай якасці, трэба скасіць травы ў фазе вегетацыі, якая дае найбольшую пажыўнасць па бялку і караціне, строга прытрымлівацца тэхналогіі нарыхтоўкі і належным чынам захаваць кармы. Курапольцы імкнуцца дакладна спрацаваць па ўсіх трох пазіцыях.
Тэкст и фота Анны Анішкевіч