Бяспека – камандная работа
У рамках адзінага дня інфармавання і напярэдадні Сусветнага дня аховы працы Пастаўскі лясгас наведаў начальнік абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, галоўны дзяржаўны інспектар працы Якаў Жулеў.
На сустрэчы з калектывам ён спыніўся на асноўных задачах дэпартамента, расказаў пра стан спраў у плане аховы працы ў лясной гаспадарцы. 2022 год Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь абазначаны як год бяспечных умоў працы ў лясной гаспадарцы і дрэваапрацоўцы. Штогод у гэтай галіне адбываюцца выпадкі вытворчага траўматызму, нават са смяротным зыходам. Сёлета трагедыя здарылася ў Шумілінскім лясгасе, дзе ў стане алкагольнага ап’янення загінуў вальшчык лесу.
Дзяржінспекцыяй працы запланавана правесці маніторынг усіх лясгасаў вобласці. Пры неабходнасці пройдуць пазапланавыя праверкі. Інспектары ўжо пабывалі ў 8 лясгасах і выявілі больш за 60 парушэнняў, дзейнасць аднаго ўчастка прыпынена.
Увогуле ў бягучым годзе ў вобласці адбылося 49 выпадкаў вытворчага траўматызму, з іх 4 — са смяротным зыходам. Гэта на 2 выпадкі менш, чым летась. Якаў Жулеў адзначыў, што вельмі важным у рабоце па ахове працы з’яўляецца арганізацыя навучання работнікаў, правядзенне з імі інструктажоў і праверка ведаў па тэхніцы бяспекі. Няведанне правіл тэхнікі бяспекі, незахаванне заканадаўства аб ахове працы і прыводзяць да няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Намеснік начальніка Глыбоцкага міжраённага аддзела Уладзімір Пляшак спыніўся на канкрэтных выпадках вытворчага траўматызму, расказаў пра іх расследаванне, звярнуў увагу на адказнасць кіраўнікоў за захаванне жыцця і здароўя работнікаў, забеспячэнне іх сродкамі індывідуальнай аховы, мэтанакіраваную работу па недапушчэнні выпадкаў вытворчага траўматызму, стварэнне ўмоў для бяспечнага правядзення работ.
— Высокай культуры аховы працы можна дасягнуць толькі агульнымі намаганнямі: праз цесны дыялог паміж кіраўнікамі і работнікамі, пры актыўным удзеле абодвух бакоў у пастаянным удасканаленні сістэмы. Бяспека — гэта камандная работа, — рэзюмавала галоўны спецыяліст упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама Жанна Цуканава.
Інфармацыя ад кампетэнтных спецыялістаў была карыснай для кожнага ўдзельніка сустрэчы.
Анна Анішкевіч