Дзе адказнасць – там і вынік
Яшчэ ў канцы красавіка многія гаспадаркі раёна пачалі пашавы перыяд. Яго здаўна лічаць часам вялікага і адносна таннага малака. Першымі на зялёныя кармы перавялі дойны статак СП «Ляхаўшчына-агра», «Дунілавічы-агра» і ААТ «Камайскі-агра».
Звычайна кажуць, што малако ў каровы на языку. Але шмат залежыць і ад правільнага фарміравання гуртоў, рацыянальнага выпасу, даення, забеспячэння жывёлы вадой і соллю, адказнасці работнікаў. З першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам едзем у ААТ «Кураполле-агра». У гаспадарцы ўтрымліваецца больш за 1 500 кароў. Для выпасу яны сфарміраваны ў 8 гуртоў. Будуць пасвіцца ў полі і 5 гуртоў цялушак. У Васілінах іх якраз у прычэпе трактара вывозілі з фермы на пашу. Каля перасоўнай дойкі ў полі Алена Ролік, Наталля Адамовіч, сястра і брат Вільма і Рустам Маяўскасы рыхтавалі даільныя апараты, а каровы чакалі сваёй чаргі, каб аддаць назапашанае за дзень малако.
— Як і кожны год, у першыя дні ўтрымання жывёлы на пашы надоі крыху зменшыліся, бо каровы адаптаваліся да новых умоў, — расказвалі аператары машыннага даення. — Цяпер малако прыбывае. Спрыяе гэтаму маладая трава. Немалая заслуга ў высокіх надоях пастухоў Лявона Мацука і Віталія Пеціна.
Выпас жывёлы праходзіць па загонна-парцыённай сістэме: пастухі з дапамогай электраагароджы адбіваюць на пашы спецыяльныя клеткі, якія пасля паядання каровамі травы пераносяцца на новы ўчастак. Лявон Мацук і Віталій Пенін сочаць за тым, каб на пашы былі пастаянна соль і вада. Ваду рэгулярна падвозіць механізатар Іван Машара.
— У зімова-стойлавы перыяд я працую вартаўніком на ферме, — расказваў Лявон Мацук. — А пераводзяць кароў на пашавае ўтрыманне — даглядаю статак у полі. Займаюся гэтым 7-ы год.
Гаспадарка забяспечвае пастухоў гарачымі абедамі і сухімі пайкамі. Працаваць нялёгка: нават ноччу здараюцца ацёлы. Таму пастуху трэба быць пільным, раніцай, да прыезду аператараў, агледзець статак. На асаблівым кантролі — каровы пасля ацёлу і малыя цяляты, якія на працягу 10 дзён знаходзяцца ў полі (гэта так званы малодзіўны перыяд). Потым іх пераводзяць на ферму.
На вячэрнюю дойку прыехалі загадчыца фермы Марына Палітыка і галоўны ветурач сельгаспрадпрыемства Жанна Радулевіч. Пагутарылі з аператарамі машыннага даення, прачыпавалі нованароджаных цялят, зрабілі ім прафілактычныя прышчэпкі. Затым пракантралявалі кароў, у якіх быў выяўлены мастыт. У гурце пасвіцца больш за 170 галоў, і на кожную трэба звярнуць увагу.
— На васілінскай ферме яшчэ летась пачалі выбракоўваць старых малапрадукцыйных кароў і абнаўляць групы першацёлкамі, — расказвала Марына Палітыка. — Раздойваць іх складана, але вынік не прымусіў сябе доўга чакаць — надоі павысіліся. Цяпер ад кожнай каровы ў дзень атрымліваем у сярэднім больш за 13 кілаграмаў малака, прыбаўка да адпаведнага перыяду мінулага года перавышае 2,5 кілаграма. Малако кожны дзень прыбаўляецца.
У ААТ «Кураполле-агра» пастаянна клапоцяцца пра пашу: зрэджаныя ўчасткі вясной падсяваюць канюшынай і райграсам, падкормліваюць мінеральнымі ўдабрэннямі. Цяпер травастой радуе, а адпаведна — і надоі.
Анна Анішкевіч