Кто помогает пополнять фонд районного краеведческого музея?

Важное Культура

Рады ўсяму, што прыносяць

10.150 прадметаў асноўнага фонду і каля 9 тысяч — навукова-дапаможнага. Такую колькасць экспанатаў мае сёння раённы краязнаўчы музей. Пераважная большасць іх здадзена жыхарамі і арганізацыямі Пастаўшчыны.

Здатчыкаў у музея шмат: 580 фізічных асоб і 40 юрыдычных, — расказвае галоўны захавальнік фондаў установы культуры Дзіна Вялічка. — Ад першых мы прымаем рэчы ў дарунак, ад другіх афармляем акт перадачы. Ахвотна бяром тое, на што накіраваны нашы экспазіцыі: прадметы, якія адносяцца да часоў валодання горадам Тызенгаўзаў, знаходжання тут летніх лагераў Санкт-Пецярбургскай кавалерыйскай школы, Першай сусветнай вайны, у цэлым усё, што звязана з гісторыяй краю і можа быць выкарыстана на выставах. А іх ладзім нямала, асвятляючы самыя розныя перыяды аж да канца ХХ стагоддзя. Як аказалася, людзям вельмі цікавы савецкі перыяд. На такія выставы прыходзяць сем’ямі, і прадстаўнікі старэйшага пакалення апавядаюць дзецям, як яны жылі раней. Вялікі інтарэс у наведвальнікаў выклікае і перыяд з 1922-га па 1939 год, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Ім асабліва цікавяцца расіяне, якія адпачываюць на Нарачы або прыязджаюць у Паставы пагасціць да родных, а таксама жыхары ўсходняй часткі Беларусі.

Кто помогает пополнять фонд районного краеведческого музея?
Дзіна Вялічка дэманструе нямецкі пікельхельм

Што менавіта здаюць у музей? Па словах Дзіны Ільінічны, не толькі ўсемагчымыя рэчы, але і дакументы, фотаздымкі. Шмат дакументаў перадалі ўстанове з былога гарсавета: розныя даведкі, хадайніцтвы, некаторыя — выдадзеныя яшчэ ў канцы вайны жонкам і маці салдат, якія загінулі на фронце або страцілі працаздольнасць. Па іх можна меркаваць, на якіх франтах ваявалі нашы суайчыннікі, як дзяржава і раённая ўлада ставіліся да праблем людзей. Вялікая колькасць дакументацыі і фота, якія адлюстроўваюць жыццё раёна, паступае ад райсавета ветэранаў, колішніх работнікаў гарсавета і райкама партыі. Наладжана супрацоўніцтва і з саветам ветэранаў 32-й ракетнай дывізіі. Дзякуючы Уладзіміру Маркаву, Юрыю Копасаву і Юрыю Шушунову, у музеі з’явіліся вучэбная рулявая машынка і ключ запуску ракеты, прыборы дазіметрычнай разведкі, спецадзенне ракетчыкаў, шмат фатаграфій часу знахо­джання дывізіі ў Паставах, кнігі.

Кто помогает пополнять фонд районного краеведческого музея?
Рулявая машынка ракеты

Пастаўчанка Рыма Камісарчук перадала музейным работнікам рэчы свайго свёкра, які служыў у лётным палку ў 5 гарадку. Калі той памёр, яна прынесла ваенную форму, розныя прадметы, якія выкарыстоўваюць вайскоўцы, два радыёпрыёмнікі і завадную механічную брытву, падораныя камандаваннем палка. Свёкар яшчэ адной пастаўчанкі, Людмілы Рабаконь, з 1952-га па 1979 год быў начальнікам чыгуначнай станцыі Паставы. Пасля яго смерці засталося шмат узнагарод і пасведчанняў, якія выпісваліся штогод.

Ажно 162 прадметы здаў у музей жыхар райцэнтра Павел Курто. Раней ён працаваў трактарыстам і падчас работы ў полі каля вёсак Курты, Сіўцы і Дукі знайшоў нямала рэчаў, якія непасрэдна адносяцца да падзей Першай сусветнай вайны. Сёння кожны трэці экспанат у прысвечанай ёй экспазіцыі, прынесены Паўлам Францавічам. Актыўна здае прадметы і пастаўчанін Аляксандр Козіч, які літаральна пранікся тэмай папаўнення музейных фондаў. Ён дзесьці адшукаў акуляры, бінокль і запальнічку пачатку ХХ стагоддзя, шмат маленькіх шкляных бутэлечак з фірменнымі знакамі.

Кто помогает пополнять фонд районного краеведческого музея?
Акуляры, бінокль і запальнічка пачатку ХХ стагоддзя

Даўно супрацоўнічае з музеем жыхарка Сяргеевіч Галіна Вялічка, якая падключыла да гэтага і аднавяскоўцаў. Жанчыны рэгулярна перадаюць захавальнікам культурнай спадчыны раёна розныя, часам даволі рэдкія, як старыя пеналы і чарнільніцы, рэчы. Так, нядаўна пенсіянерка Ганна Крошка аддала ва ўстанову сукенку, туфлі, сумачку і ўпрыгажэнні, якія насіла ў маладосці. Шмат бытавых сюжэтных фотаздымкаў сваёй сям’і, 2 гармонікі і партфель прынёс Славамір Каліцкі з вёскі Каліты, школьныя падручнікі савецкага часу і краязнаўчую літаратуру — Святлана Марозава і Міхаіл Гіль з Пастаў…

Мы рады ўсяму, што нам прыносяць, — кажа Дзіна Вялічка. — Асабліва патрэбныя школьныя рэчы 60-70-х гадоў. У музеі ўжо ёсць дошка, парта, глобусы, вучнёўская форма дзяўчынкі і хлопчыка. Але ніяк не можам знайсці піянерскую форму, буквар, падручнікі для малодшых класаў. Будзем вельмі ўдзячныя тым, хто іх перадасць. Чакаем таксама фотаздымкі. Пажадана, каб яны былі падпісаныя, з гісторыяй.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.