З еўрапейскага рынку на азіяцкі
Пастаўскім лясгасам за мінулы год выраблена 14 740 кубаметраў піламатэрыялаў. 13 480 — адпраўлена на экспарт, што склала 70% ад рэалізаванага. Выгадныя ўмовы для беларускіх лясгасаў і пакупнікоў іх прадукцыі каля трох дзясяткаў гадоў забяспечвае ўнітарнае прадпрыемства «Беллесэкспарт». Праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу прадукцыя нашага лясгаса пастаўлялася ў Літву, Бельгію, Германію. Ад экспарту летась атрымана выручкі 2,6 мільёна долараў.
У сакавіку бягучага года Еўрапейскі саюз увёў чарговы пакет санкцый супраць Беларусі. Абмежаванні закранулі і лясную галіну. Поўнасцю забаронены экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі пад кодам «44». У гэту групу тавараў уваходзяць піламатэрыялы, брыкеты, паліўныя гранулы, фанера і іншае.
Што ў сувязі з санкцыямі змянілася ў рабоце Пастаўскага лясгаса? Гэтым пацікавілася ў галоўнага інжынера прадпрыемства Алега Галінскага.
— Санкцыі не распаўсюджваюцца на кантракты, заключаныя да 2 сакавіка 2022 года і з тэрмінам выканання да 4 чэрвеня гэтага года, — расказваў Алег Уладзіміравіч. — Таму мы пакуль яшчэ не пазбаўлены еўрапейскіх рынкаў збыту і працуем у штатным рэжыме. Праз санкцыйны ціск на Беларусь Еўрасаюз хоча падарваць нашу эканоміку і знізіць узровень жыцця людзей. Але кіраўніцтва краіны прымае ўсе меры, каб нівеліраваць наступствы гэтых дзеянняў. Спадзяюся, што беларусы змогуць супрацьстаяць санкцыям. У нас працавітыя людзі, ёсць рэсурсная база, вытворчыя магутнасці. Шукае рынкі збыту і «Беллесэкспарт». Драўніна — каштоўны рэсурс Беларусі, у свеце яе не хапае. Вырабы з беларускай драўніны гатовы набываць краіны Сярэдняй Азіі, Азербайджан, Кітай. Проста тое, ад чаго адмовілася Еўропа, цяпер трэба пераарыентаваць на іншы напрамак. Магчымасць для манеўру заўсёды ёсць.
Пастаўскі лясгас некалькі гадоў таму правёў мадэрнізацыю дрэваапрацоўчага цэха «Смалярня». Тут устаноўлена новае сучаснае абсталяванне. Гэта дазволіла не толькі павялічыць аб’ёмы выпуску прадукцыі, але і палепшыць яе якасць. Таму няма сумненняў, што пастаўскія піламатэрыялы будуць запатрабаванымі на любым рынку.
Анна Анішкевіч
Фота з адкрытых крыніц