З натуральнай сыравіны
Прыказка «Хлеб — усяму галава» добра вядомая беларусам. Яна красамоўна сведчыць пра тое, што для нас няма больш важнага прадукту, чым хлеб. Цэх хлебапячэння Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства за суткі выпускае 10 відаў жытнёва-пшанічнага хлеба і да 15 відаў булачных вырабаў, а ўсяго за месяц — 60-65 тон прадукцыі.
— Наш асноўны клопат — каб яна была якаснай і карыснай для здароўя, — расказвае начальнік цэха Наталля Марціна. — Таму стараемся працаваць з натуральнай сыравінай, да мінімуму звесці выкарыстанне розных харчовых дабавак. Акрамя добра вядомых класічных відаў хлеба і булачных вырабаў, мы распрацавалі лінейку прадукцыі здаровага харчавання.
Асабліва папулярны з гэтай лінейкі — хлеб «Зерновой ароматный», які адзначаны сярэбраным медалём на міжнародным конкурсе хлебапёкаў і кандытараў «Смаката-2020». Дабаўленне ў цеста зерневай сумесі, якая ўтрымлівае ў сваім саставе насенне сланечніку, лёну, а таксама грэчку, рыс, проса, пансак, значна паляпшае смак і вітамінізуе прадукт, стварае аздараўленчы эфект. Для людзей з залішняй вагой карысны «Ставропольский» на рошчыне, з порыстым мякішам, ён нагадвае смак украінскага хлеба. Набор інгрэдыентаў мінімальны, хлеб не ўтрымлівае цукру. «Белый отрубной» выпякаецца з выкарыстаннем пшанічнага вотруб’я. Дзякуючы клятчатцы, якая ўтрымліваецца ў ім, нармалізуе дзейнасць жалудачна-кішачнага тракту, умацоўвае імунітэт. Мінімальная рэцэптура і ў хлеба «Нива»: тры віды мукі, соль, дрожджы, бульбяная клятчатка Potex. Менавіта яна павышае ўтрыманне ў арганізме чалавека харчовай клятчаткі. Карысныя ўласцівасці маюць і такія віды галоўнага прадукту на стале, як «Преснак деревенский», «Дорожный».
— Некалькі раней лінейка здаровага харчавання налічвала на нашым заводзе да 13 найменняў прадукцыі, — працягвала Наталля Марціна. — Але былі вымушаныя скараціць яе. Справа ў тым, што мы набываем сыравіну на Мінскім камбінаце хлебапрадуктаў і ў іншых пастаўшчыкоў. З-за санкцый, уведзеных супраць Беларусі некаторымі краінамі, узнікаюць складанасці з закупкамі, ды і цэны на яе растуць. Усё гэта, безумоўна, ускладняе работу. Тым не менш за мінулы год мы спяклі 78 тон хлеба лінейкі здаровага харчавання. Спадзяёмся, што не збавім тэмпаў і сёлета.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Наталля Марціна