Моцная не толькі духам
Пакуль не забуяе зеляніна, апусцелыя вёсачкі наганяюць самоту. Але, напэўна, толькі на тых, хто не з’яўляецца іх карэнным жыхаром. Для таго, хто нарадзіўся, вырас і да глыбокай старасці пражыў у вёсцы, яна ў любую пару года — найдаражэйшы куточак.
Вось і ўсё жыццё Надзеі Дудковай прайшло ў Дуброве, што на Курапольшчыне. За выключэннем бясконца доўгіх і пакутлівых месяцаў з кастрычніка 1943-га па май 1945-га, праведзеных у фашысцкай няволі.
— Мне было ўсяго 3 гады, брату — 6, калі вывозілі ў Германію, — успамінае былы малалетні вязень фашызму. — Памятаю няшмат. Але ж расказвала мама, суседзі. Калі немцы першы раз увайшлі ў Дуброва, яны ўсіх людзей сагналі ў сад, навялі на іх кулямёт. Напэўна, расстралялі б, бо непадалёк вёскі хтосьці забіў немца. Выратавала тое, што ў Дуброве жыў чалавек, які ваяваў на фронце ў Першую сусветную вайну, быў захоплены немцамі ў палон і там вывучыў іх мову. Яму ўдалося пераканаць акупантаў у тым, што вяскоўцы не вінаватыя ў гібелі іх таварыша, што яны не звязаныя з партызанамі.
Захопнікі «памілавалі» дуброўцаў — не забралі іх жыцці. А вёску спалілі. Забралі ўсю скаціну. Адну частку людзей пагналі ў Варапаева, другую — у Полава. З Полава многім удалося ўцячы. Вярнуліся ў Дуброва на папялішчы. Хаваліся на могілках. І тут — паўторная аблава. Спачатку вяскоўцаў загналі ў пастаўскае гета, адтуль — на станцыю ў Гадуцішкі. Там пагрузілі ў таварнякі — і на Захад. Надзіна маці працавала токарам на заводзе. Галадавалі і дарослыя, і дзеці. Жылі ў бараках побач з рускімі, украінцамі, палякамі. Ва ўсіх нявольнікаў была аднолькавая нядоля.
Але для сям’і Касарэўскіх (дзявочае прозвішча Надзеі) у Германіі адбылася і радасная падзея. Справа ў тым, што яе бацьку ў 1939 годзе прызвалі ў польскую армію. 1 верасня таго ж года Германія напала на Польшчу. На фронце Антон Касарэўскі трапіў у палон і працаваў на Нямеччыне ў баўэра. Да пачатку Вялікай Айчыннай змог падаць з чужыны вестачку родным. Маці ведала, дзе яе муж, і стала прасіцца да яго. Не ўсе немцы былі азвярэлымі фашыстамі. Знайшліся і такія, хто пашкадаваў маладую жанчыну з двума малымі дзецьмі і адправіў яе з лагера да таго баўэра, дзе знаходзіўся яе муж.
— Сям’я цудам уз’ядналася. «Але ненадоўга, — цяжка ўздыхае Надзея Антонаўна. — Пасля Перамогі ўсіх нас звозілі на зборныя пункты і сартавалі, куды каго адправіць. Нас з мамай — на Радзіму, а вось тату, паколькі ён быў ваеннапалонным, — на шахту ў Данбас. Ён вярнуўся дадому толькі ў 1948-м. Да гэтага часу мы ўжо ўсяліліся ў невялічкую, з адным акном, хаціну, якую дапамаглі ўзвесці татавы браты. А ўвогуле ў Дуброве пасля вайны я жыву ўжо ў трэцяй хаце: дзве згарэлі падчас пажараў, якія ўспыхнулі ў вёсцы ў 1948 і 1955 гадах.
Гора на яе век хапіла: дзяцінства ў нямецкай няволі, галеча пасля вяртання на Радзіму, цяжкая праца ў калгасе, догляд бацькі, які пасля інсульту 14 гадоў праляжаў інвалідам, заўчасная, у 48 гадоў, смерць дачкі, страта мужа… Але Надзея Антонаўна, як і многія яе равеснікі, моцная духам жанчына. Ды і фізічная праца ёй яшчэ па сілах. Бачу падрыхтаваныя да сяўбы градкі, клад нашчапаных дроў і пытаюся ў гаспадыні: «Сынава работа?» (Юрый жыве ў суседніх з Дубровам Балаях, працуе на сельгаспрадпрыемстве трактарыстам — аўт.) А ў адказ чую нечаканае: «Сама нашчапала дроў. Юра толькі папілаваў. І з лапатай яшчэ ўпраўляюся. Кожную суботу ў лазню вады нанашу і працеплю. Вядома, усё парабілі б сын з нявесткай. Але і сама не магу без справы. Я ж усё жыццё гартавалася працай».
Гэта загартоўка ды вера ў Бога дадаюць Антонаўне духоўных і фізічных сіл.
Фаіна Касаткіна