Іх вопыт варта пераняць
19 мая, якраз у дзень 100-годдзя піянерскага руху, пад зялёнымі шатамі спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі» магутна і звонка загучала «Взвейтесь кострами, синие ночи! Мы пионеры — дети рабочих…» Гімн піянерыі натхнёна спявалі …пенсіянеры.
Аднак пра ўсё па парадку. У той дзень у рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце-2030» у нашым райцэнтры адбылася сустрэча сяброў. Да нас прыехалі ўдзельнікі спартыўна-аздараўленчых клубаў «Імпульс» з Ушач, «Эдэльвейс» з Глыбокага і самадзейны харавы калектыў аграгарадка Падсвілле. Адразу ўсе сабраліся ў вялікай зале раённага выканаўчага камітэта. Тут іх цёпла віталі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург і старшыня райсавета ветэранаў Ганна Літвіновіч. А потым госці прэзентавалі сябе. Расказы кіраўнікоў аматарскіх аб’яднанняў пра работу, якая ў іх праводзіцца, суправаджаліся дэманстрацыяй слайдаў. Пачутае і ўбачанае не магло не ўразіць.
Старшыня Ушацкага раённага савета ветэранаў Ніна Васілеўская гаварыла: «Самае галоўнае — знайсці ініцыятыўнага кіраўніка грамадскага аб’яднання. У нас ён ёсць. Гэта Таццяна Клопава, якая змагла арганізаваць людзей, падабрала для іх фізічныя практыкаванні. Наш спартыўна-аздараўленчы клуб «Імпульс» дзейнічае з 2018 года. Рэгулярна займаемся на ФАКу, удзельнічаем у раённых і міжраённых спаборніцтвах, падарожнічаем па краіне».
Стаж спартыўнага клуба глыбоцкіх ветэранаў «Эдэльвейс» — 14 гадоў. «Мы пачыналі ўшасцярых, — узгадвала яго кіраўнік Валянціна Савіцкая. — Многія ў нас не верылі, нават гнабілі. Але мы моцныя — выстаялі. І сталі прырастаць. За ўсе гэтыя гады праз «Эдэльвейс» прайшло амаль 100 чалавек. У клубе мы атрымліваем зарад бадзёрасці, вучымся праз спорт захоўваць здароўе, выступаем на спаборніцтвах і раённых святах. Нас аб’ядноўвае не толькі спорт. Да пандэміі вандравалі па краіне, ездзілі ў тэатры, наведвалі ляжачых хворых на сацыяльных ложках, сустракаліся з вучнямі малодшых класаў у школе».
У аг. Падсвілле, у адрозненне ад Глыбокага і Ушач, няма фізкультурна-аздараўленчага комплексу, але і там людзі займаюцца фізкультурай, скандынаўскай хадзьбой, катаюцца на веласіпедах. А яшчэ — любяць спяваць. Пры Падсвільскім цэнтры культуры дзейнічаюць аздараўленчая група «Рамонак» і аматарскае аб’яднанне «Спадчына». Падсвільскія весялушкі часта радуюць гледачоў сваімі выступленнямі.
Натуральна, што госці прыехалі не толькі сябе паказаць, але і Паставы паглядзець. Арганізатары сустрэчы — а гэта райсавет ветэранаў, раённы краязнаўчы музей, ТЦСАН, раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ветэраны працы, якія актыўна ўдзельнічаюць у рабоце раённай ветэранскай арганізацыі, — паклапаціліся пра такую магчымасць. Прыезджыя пабывалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН, філіяле раённага краязнаўчага музея, размешчаным у былым палацы Тызенгаўзаў, палюбаваліся цэнтральнай плошчай горада.
Завяршылася сустрэча сяброў на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», які вельмі ўразіў усіх. Падчас сумеснага абеду і загучала «Взвейтесь кострами, синие ночи!..» Ветэраны працы памятаюць сваё дзяцінства і юнацтва, з павагай ставяцца да гісторыі, усе яны былі піянерамі. У той дзень у Азёрках прагучаў не адзін дзясятак песень. Сустрэча самых актыўных, спартыўных, крэатыўных ветэранаў трох раёнаў натхніла іх на новыя праекты.
— Я нарадзілася ў Норыцы. З 1985 года жыву ў Глыбокім. Сёння, як толькі ўехалі ў Паставы, сэрца зайшлося ад радасці: усё тут роднае, блізкае. Што да нашага аб’яднання «Эдэльвейс», то мы не таблеткі п’ём, а займаемся спортам. Ён, безумоўна, спрыяе здароўю.
— Раней думала, што спорт — гэта не для мяне, але стала ўдзельніцай «Імпульсу» — і мне спадабалася. Займаюся з задавальненнем. У нас цудоўны кіраўнік — Таццяна Клопава. Уражанні ад сённяшняй сустрэчы найлепшыя, шмат пазітыву. Лічу, што сустракацца трэба рэгулярна.
Лілія Барзакоўская, Падсвілле:
— Я родам з Дунілавіч. Выйшаўшы замуж, шмат гадоў жыла ў Хабараўску. Вярнуўшыся на беларускую зямлю, абуладкавалася ў Падсвіллі. У Паставах у мяне ёсць знаёмыя, але ніколі не чула ад іх пра такое цудоўнае месца, як спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі». Абавязкова прыедзем сюды з унукамі. Вельмі спадабаліся работы народных майстроў, якія мы ўбачылі ў аддзяленні дзённага знаходжання.
— У Паставах я ўпершыню. Горад спадабаўся, у ім шмат прыгожага. Дырэктар музея правяла для нас змястоўную экскурсію. Я люблю гісторыю, таму вельмі зацікавілася палацам Тызенгаўзаў, хачу даведацца пра яго яшчэ больш.
Ганна Літвіновіч, старшыня райсавета ветэранаў:
— Падчас падрыхтоўкі да сустрэчы сяброў было шмат клопатаў і хваляванняў. Дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтага. Сама сустрэча прайшла вельмі цёпла. Госці расказалі шмат цікавага пра заняткі спортам і ўвогуле зносіны, правядзенне вольнага часу. У нас з’явіліся новыя сябры, і ў іх ёсць чаму павучыцца. Плануем пераняць іх вопыт. У Паставах ёсць шырокія магчымасці для заняткаў спортам. Шукаем актывістаў, хто змог бы арганізаваць людзей. Чакаем вашых прапаноў. Званіце ў райсавет ветэранаў па нумары 4-24-83.
Фаіна Касаткіна