Традыцыям гонару – жыць!
Слава пра легендарную мужнасць і стойкасць пагранічнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны неўміручая. І не толькі пагранічнікаў — усяго савецкага народа, які самаахвярна абараняў сваю Айчыну. Быць вартымі сваіх папярэднікаў, цаніць іх подзвіг і гэтак жа самааддана любіць Радзіму імкнуцца сучасныя ахоўнікі граніц.
— 9 Мая — найвялікшае свята для нашага народа, — упэўненыя Аляксандр і Вераніка Назаранкі. — Прайшло шмат гадоў, але ўсведамленне таго, праз што давялося прайсці нашым продкам, каб мы маглі радавацца звычайным дробязям жыцця, выклікае павагу і ўдзячнасць. Іх подзвіг у імя міру недарэмны.
— Мой дзядуля, — дзеліцца асабістым Аляксандр, — у 14 гадоў стаў малалетнім вязнем, працаваў на заводзе ў Германіі. Пра вайну ніколі не расказваў — настолькі балючымі былі ўспаміны. Затое як радаваўся штогод святу Вялікай Перамогі, віншаванням і юбілейным медалям — знаку павагі і памяці!
Пастаўчане Аляксандр і Вераніка Назаранкі ўсведамляюць дзяржаўную значнасць сваёй прафесіі і ганарацца ёй. Абодва служаць на спрошчаным пункце пропуску «Мольдзевічы»: ён — намеснікам начальніка змены, яна — кантралёрам. Як і іх калегі, першымі сустракаюць гасцей Беларусі і праводзяць іх, пільна сочаць, каб у краіну не пранікала кантрабанда, у тым ліку зброя і наркотыкі, не ўязджалі тыя, каму гэта забаронена. Аляксандр пажадаў застацца на граніцы пасля праходжання тэрміновай службы, а Вераніцы ўладкавацца па кантракце параіў тата, які таксама быў пагранічнікам. Гледзячы на бацькоў, ахвотна прымярае зялёны берэт і іх дачушка Арына. Дзяўчынцы ў ліпені споўніцца 3 гады.
Фота Веранікі Філановіч