7 мая — День работников радио, телевидения и связи. Почтальон Людмила Зарецкая

Главное Общество

Любіць людзей і працу

Мая прыяцелька марыла быць паштальёнам, але працавала ў іншай галіне. Калі даведалася пра вакансію ў цэнтральным аддзяленні паштовай сувязі ў Паставах, рашылася змяніць сферу дзейнасці. У аддзеле кадраў яе прынялі ветліва і параілі спачатку пасуправаджаць паштальёна, унікнуць у яго абавязкі, прыгледзецца да працы і толькі потым прымаць рашэнне.

— Хапіла двух дзён, каб мая мара разбілася, — прызналася жанчына. — Да гэтага я зусім не ўяўляла, наколькі цяжкая і адказная іх работа. Вакансія аказалася не па мне.

У адрозненне ад маёй прыяцелькі, у Людмілы Зарэцкай ніколі такой мары не было. Яна — расіянка. Нарадзілася і вырасла ў Пскове. Там жа закончыла швейнае вучылішча, пасля яго — профільны віцебскі тэхнікум. Атрымала спецыяльнасць майстра вытворчага навучання швейнай справе. Аднак папрацаваць па спецыяльнасці не давялося: выйшла замуж, нарадзіла дачушку, а праз 3 гады — сыночка. Акрамя таго, сям’я пераехала з Віцебска на малую радзіму мужа — Пастаўшчыну. Абуладкаваліся ў Рамельках. Вёска прыгарадная, але работы па спецыяльнасці для Людмілы ў Паставах не было, хоць яна і стаяла на ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва. (З працаўладкаваннем у тыя, 90-я, гады было вельмі складана.)

7 мая — День работников радио, телевидения и связи. Почтальон Людмила Зарецкая
Паштальён Людміла Зарэцкая

— У нашых Рамельках і суседніх вёсках разносіла пошту вельмі добрая, заўсёды прыязная Камілія Антонаўна Корсак, — успамінала Людміла. — Мне прыемна было сустракацца з ёй, размаўляць, бачыць, як яна выконвае свае абавязкі. Калі паштальён пайшла на пенсію, я стала на яе месца. У новай прафесіі прыжылася хутка. Бясконца ўдзячна Антонаўне, якая навучыла мяне ўсяму. Мяне добра прынялі ў калектыве, падтрымала кіраўніцтва раённага вузла паштовай сувязі. Абслугоўвала жыхароў вёсак Рамелькі, Кашыцы, Макараўцы, Ліпнікі.

У паштовай сувязі Людміла Зарэцкая ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Зараз абслугоўвае не вясковых жыхароў, а гараджан з вуліц 17 Верасня, Ціхай, Гогаля, Заводскай, Кірава, Пралетарскай і іншых. Зразумела, стамляецца, але і задавальненне ад працы атрымлівае.

— Люблю сваю работу і лю­дзей, — прызнаецца. — Мне цікавы кожны чалавек, і з кожным знаходжу паразуменне. Ніколі не здаралася канфліктных сітуацый. Толькі не падумайце, што ўсё так бясхмарна. Праблем хапае. Непакоіць, што людзі, асабліва маладога пакалення, з кожным годам выпісваюць усё менш перыёдыкі, некаторых даводзіцца ўгаворваць падпісацца на тое ці іншае выданне. У лідарах пастаянна «Пастаўскі край». Падпісчыкі любяць чытаць пра людзей, справы, якія адбываюцца ў раёне, цікавіць рэклама. Карыстаючыся выпадкам, хацела б звярнуцца да пастаўчан з просьбай, каб прымацоўвалі паштовыя скрынкі не знутры агароджы або варотцаў, а звонку. Навошта нам адчыняць варотцы, заходзіць на вашу тэрыторыю, каб пакласці ў скрынку газету або пісьмо? А якую небяспеку ўяўляюць сабой непрывязаныя сабакі!

Рабочы дзень паштальёнаў у цэнтральным аддзяленні пачынаецца ў 7 гадзін. Людміла, як і яе сяброўкі па рабоце, атрымлівае свежую пошту, напаўняе ёй сваю сумку і накіроўваецца па знаёмых адрасах. Нясе не толькі газеты, часопісы, пісьмы, пенсійныя выплаты, розны тавар, але і добры настрой, каб перадаць яго людзям.

Фаіна Касаткіна
Фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.