Няхай квітнее ў сэрцах май!
Сёлета аддзелам ЗАГС райвыканкама і сельвыканкамамі раёна зарэгістравана 38 шлюбаў. Тыдзень назад сваю сям’ю стварылі і пастаўчане Ілона і Дзмітрый Каралёнкі. Яны не вераць у забабоны, што, згуляўшы вяселле ў маі, муж з жонкай усё жыццё будуць «маяцца». Маладыя перакананыя ў іншым: калі ў адносінах пануюць каханне, павага, узаемападтрымка, тады і саюз будзе шчаслівым.
Ілона і Дзмітрый не адзіныя, хто так лічыць. Як расказала начальнік аддзела ЗАГС Пастаўскага райвыканкама Аніта Несцяровіч, на працягу ўсяго года няма такіх выхадных, каб у ЗАГСе не рэгістраваўся хаця б адзін шлюб.
— Людзі жэняцца і ў маі, і ў пост — перашкод для гэтага ў закаханых няма, — адзначыла Аніта Францысаўна. — Падуладныя каханню і ўсе ўзросты. Сёлета ў шлюб уступалі як 17-гадовыя нявесты, так і 71-гадовыя. У жаніхоў мінімальны ўзрост быў 21 год, максімальны — 65. Адзначу, што ўрачыстасцей з вялікай колькасцю гасцей у апошні час становіцца менш. Усе яны ў асноўным запланаваны на лета. Увогуле ў чэрвені, ліпені і жніўні традыцыйна рэгіструецца максімальная колькасць шлюбаў. Таму чакаем «гарачага» сезону! Нам, работнікам ЗАГСа, ён прыносіць толькі шчырую радасць за закаханых людзей, якія ствараюць новыя шчаслівыя сем’і.
Іна Сняжкова
Фота Рыты Шылей