1 мая хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» выполнили большой объем полевых работ

Сельское хозяйство

Свята працы адзначылі працай

Хлебаробы ААТ «Навасёлкі-Лучай» 1 мая выканалі вялікі аб’ём палявых работ

Вітаміны для азімых

Па дарозе ад Калееўцаў да Лучая, насупраць паварота на Груздава, каля рапсавага поля з прычэпа аўтамашыны Дзмітрыя Міхалькова ў раскідвальнік мінеральных удабрэнняў Ігара Масінкевіча азотную падкормку загружаў Аляксандр Кулевіч.

Віншую хлебаробаў з Першамаем, цікаўлюся справамі.

1 мая хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» выполнили большой объем полевых работ
Ігар Масінкевіч, Аляксандр Кулевіч і Дзмітрый Міхалькоў падчас загрузкі ўдабрэння

— Свята адзначаем шчырай працай: «кормім» вітамінамі рапс, — жартуюць. — І самі чакаем абеду. Яго павінны хутка даставіць у поле. На нашых палях рапс перазімаваў нядрэнна. Спадзяёмся, што азот дапаможа раслінкам набрацца сіл. На тых гектарах, якія падкармілі першымі, усходы «павесялелі», а некаторыя прыйдзецца перасяваць. Работы ў полі яшчэ шмат. Калі праедзеце ўперад, сустрэнеце нямала нашых механізатараў, якія рупяцца на розных відах тэхнікі. Дзесьці там, за лесам, другую падкормку азімых вядуць Аляксандр Федаронак і Уладзімір Скавародка. Вяскоўцам пакуль не да адпачынку!

Ход – за каралевай

Наступны мой прыпынак каля пнеўматычнай сеялкі французскай вытворчасці Monosem. На ёй Уладзімір Праліч каля Мацуроў загортваў у глебу насенне кукурузы на зерне.

— Гэту культуру сею шмат гадоў, — расказваў механізатар. — Пачынаў з Мар’янам Кісялём, затым працаваў з Юрыем Татарчуком, цяпер — з Міхаілам Аўсюкевічам. У 5 гадзін раніцы ўжо ў полі і да 10-ці вечара. Наступны дзень — выхадны. Сёння адпачывае Міхаіл, а я працую. Гэта сеялка новая, у рабоце першы сезон. Задаволены.

1 мая хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» выполнили большой объем полевых работ
Каб быў другі хлеб, стараюцца Віталій Смолка і Аляксандр Русак

У яе высокая дакладнасць севу. Добрай якасці сяўбы спрыяе ратацыйны ачышчальнік, які папярэдне прыбірае грудкі зямлі, каменьчыкі, рэшткі мінулагодняй расліннасці. Затым двайныя дыскі робяць баразну на вызначаную глыбіню, сагнуты семяпровад на патрэбную глыбіню і праз пэўную адлегласць мякка закладвае насенне, якое беражліва закрываюць спецыяльныя маленькія колы. Адначасова ўносяцца мінеральныя ўдабрэнні.

— Калі б не задажджыла пад канец красавіка, зерневыя мы ўжо даўно пасеялі б, — гаварыла галоўны аграном ААТ «Навасёлкі-Лучай» Алена Касцюк. — Засталіся вайцяхоўскія палі. Землі там цяжкія. Нават пасля працяглага сонечнага надвор’я Андрэй Врублеўскі не можа там разагнацца з сеялкай. У гэтыя дні ход — за каралевай. Кукуруза зойме амаль 1 000 гектараў.  У гаспадарцы вялікае пагалоўе жывёлы. Кукурузны сілас для яе вельмі карысны. Выкарыстоўваем яго на корм і на зерне. Каб хутчэй справіцца з сяўбой, сёння-заўтра ўключыцца ў работу Юрый Татарчук. Ён завяршыў сяўбу зерневых, падчапляе кукурузную сеялку і будзе дапамагаць.

На падрыхтоўцы глебы пад гэту культуру рупяцца на трактарах з дыскамі Аляксандр Мацейка, з чызелем — Аляксандр Падрэз, з культыватарамі — Анатолій Счасны і Валерый Адынец. Усе яны працуюць на розных участках.

1 мая хлеборобы ОАО «Новоселки-Лучай» выполнили большой объем полевых работ
Задаволены новай сеялкай Уладзімір Праліч

Каб быць з другім хлебам

ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адна з трох гаспадарак раёна, дзе вырошчваюць бульбу. Прычым садзяць яе на самай большай плошчы — амаль на 40 гектарах. Пасадкай не першы год зай­маецца Віталій Смолка. Сёлета другі хлеб будзе расці каля былога аэрадрома. Тут 1 мая і засталі за работай бульбаводаў. Трактар Віталія павольна рухаўся па полі. Аляксандр Русак на саджалцы сачыў за якасцю пасадкі.

— Бульба, як і многія іншыя расліны, не любіць холаду, — гаварылі бульбаводы. — Таму пасадку пачалі тады, калі прагрэлася глеба. Па-ранейшаму аддаём перавагу двум сартам: «скарбу» і «брызу». Насенне без затрымкі дастаўляюць Васілій Ярмолаў і Дзмітрый Рубель. Барозны для пасадкі наразае Аляксандр Муляронак. Стараюцца ўсе.

Вярнулася ў Паставы. У парку, на цэнтральнай плошчы, па набярэжнай Мядзелкі гулялі гараджане. Кожны адзначаў Першамай па-свойму.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.